epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Неабходнасць

Выйду ноччу на пагорак,

Бо туман ў лагчыны лёг —

На ўсё неба безліч зорак

Парассы́паў сейбіт-Бог.

 

І ліе срэбрабялёсы

Месяц сум свой на палі.

Зоркі ў небе, нашы ж лёсы

Мітусяцца на зямлі.

 

Мы прывязаны навечна

Да Радзімы, да магіл.

І за намі шляхам млечным

Сцелецца дарожны пыл.

 

Мы напружана вачыма —

У палон зямных дарог.

Не заўсёды ёсць магчымасць

Пазіраць туды, дзе Бог.

 

Незаўжды...

Ды ёсць патрэба

Клопаты спіхнуць з душы,

Стаць вось так, зірнуць на неба

У загадкавай цішы.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.