epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Небарака

Адзін шпачок застаўся на зіму,

Магчыма, прыхварэў у час адлёту.

Тут, з вераб’ямі, весялей яму

У час зімы перачакаць мярзлоту.

 

Такое не аднойчы ўжо было —

Шпак ад сваіх — не-не — ды адбіваўся.

Мароз трашчаў,

Вакол мяло, гуло,

А чорны камячок з зімой змагаўся.

 

Даводзілася кожны дзень туды,

Дзе ён, гасцінец ратавальны несці,

Толькі б мароз не нарабіў бяды,

Толькі б было што бедалагу есці.

 

Вось так і зімавалі — ён і я,

Ды ён пакутваў болей, небарака.

Прыход вясны чакаў я удвая —

І за сябе, і ўсё-ткі больш за шпáка.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.