epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нечаканая сустрэча

Сустрэў гадзюку чорную

у лесе нечакана,

Хоць ведаў, што сустрэну

позна альбо рана,

Бо ў свеце не адзін

я на зямлі жывы

Ёсць і ў яе пад сонцам быць правы.

 

Застыў я. Што рабіць?

Забіць яе ці крочыць?

Застыла і яна,

глядзіць мне пільна ў вочы,

Спрабуе прачытаць

у іх мае намеры —

Вядома ж, мала чалавеку веры.

 

І я падумаў тое ж,

што, на жаль, спрадвеку,

І сёння, як заўсёды,

мала веры чалавеку,

Бо чалавецтву чалавек

стварыў нямала болю,

Гадзюка ж першая

не нападзе ніколі.

 

І думка болем апякла

мяне ў гэты час —

Няўжо вось гэта гадзіна

больш мудрая за нас?

Адкінуў гэту думку я,

усцешыў гонар свой,

А што падумала яна,

вядома толькі ёй.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.