epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Недарэчнае прозвішча

Даўно вядома, што Бог няроўна дзеліць. Аднаму — абярэмак, другому жменьку, аднаго шугане да зорак, другога рыне нюхаўкай у гразь. Тое самае адбываецца і з прозвішчамі: адны ганарацца сваім прозвішчам, вытыркаюць яго дзе трэба, дзе не трэба, іншыя называюць яго толькі там, дзе гэта неабходна, дый то чырванеючы.

Здаецца, змяніў бы чалавек такое, як Казёл, Баран ці Гнілазубы, на, напрыклад, гучнае — Сокал, Сілач ці Вястун, але ж продкаў не хочацца крыўдзіць. Прозвішчы не выбіраюць...

 

* * *

Піліп Патапавіч Гінеколаг працаваў галоўным урачом раённай бальніцы. Раён быў адсталы, як кажуць, кульгавы на ўсе чатыры нагі. Пра гэты стан можна было і не гаварыць — варта зірнуць на бальніцу, і ўсё рабілася зразумелым.

Першае, што ўбачыў Піліп Патапавіч, калі прыехаў сюды, і быў гэты драўляны пахілы будынак. Медперсанал нагадваў рот старога вяскоўца, у якім замест трыццаці двух зубоў тырчаць толькі два-тры.

Піліп Патапавіч узначаліў калектыў, дзе замест неабходных дванаццаці «штыкоў» былі толькі тры. Піліп Патапавіч — чацвёрты.

Сярод наяўнага персаналу бальніцы, акрамя тэрапеўта і нарколага, быў, дакладней была, і «цёзка» Гінеколага — урач-гінеколаг.

Піліп Патапавіч з-за свайго прозвішча нацярпеўся за жыццё шмат розных кпінаў, нават здзекаў. Вось і тут не раз чуў за сваёй спіной: «Цяпер у нас аж два гінеколагі», хоць на самай справе ён быў хірургам.

Сюды, на выселкі, Гінеколаг прыехаў не па сваёй волі. Праштрафіўся ў адным, у другім месцы, пераводзілі, паніжалі яго. Нарэшце паставілі перад фактам: хочаш дацягнуць да пенсіі — габлюй у самую глухамень.

Прывыкалася да новага месца цяжка, працавалася яшчэ цяжэй, бо хворых хапала, а лекаў не заўсёды. Але раптам, у дадатак да ўсяго, з вобласці спусцілі дэпешу: тэрмінова, выязным метадам, правесці дыспансерызацыю насельніцтва, уключаючы самыя аддаленыя вёскі. Усіх — ад малога да старога! Хоць трэсні, а выконвай.

Ведаў Піліп Патапавіч, што гэта канец яго кар’еры, што ў белым халаце да пенсіі ён не дацягне. Нават калі павесіць замок на дзверы бальніцы, што таксама зрабіць немагчыма, усё насельніцтва раёна ўчатырох нават апытаць не здолеюць.

Нечакана галоўнага ўрача абнадзеіў шафёр бальнічнага «уазіка» Захар:

— Піліп Патапавіч, учора з вобласці прывезлі студэнтаў бульбу выбіраць. Размясцілі ў Доме культуры — бітком набіта іх там, як цялят.

Піліп Патапавіч адмахнуўся:

— А што яны мне за ўцеха? Мне ж не бульбу загадваюць выбіраць...

— Дык гэта ж студэнты медінстытута! — горача ўсклікнуў Захар.

— Святы Гіпакрат! — у сваю чаргу ўсклікнуў Піліп Патапавіч.— З гэтай табалы адабраць чалавек дзесяць самых жвавых ды разаслаць іх па закутках — чым не паратунак!

Галоўны ўрач спрытна ўскочыў у кабіну, і праз некалькі хвілін Захар хвацка затармазіў ля райвыканкама.

— У кіраўніцтва раёна выпрашу дазволу! На калені стану, а не адступлю! — ляснуў дзверцамі машыны Гінеколаг і, узрушаны, накіраваўся ў райвыканкам.

Дазвол быў дадзены.

 

* * *

У кабінеце галоўнага ўрача, як вераб’і на марозе, цесным гуртком сядзелі 10—12 студэнтаў, якім было суджана ўратаваць Піліпа Патапавіча ад апошняга «праштрафу» ў яго кар’еры.

Піліп Патапавіч пачаў урачыста:

— Калегі! Вам выпала шчасце на практыцы памацаць сваю прафесію жыўцом! Адкіньце канспекты і зазірніце хваробе ў вочы!

Хтосьці са студэнтаў нясмела ўставіў:

— Дык у нас і канспектаў пакуль няма. Мы ж толькі здалі ўступныя экзамены і адразу — на бульбу.

— Цудоўна! — перахапіў ініцыятыву Гінеколаг.— Не пераступіўшы парога навучальнай установы, вы адразу заступаеце на варту здароўя нацыі. Вамі будуць ганарыцца нашчадкі! Вам будуць зайздросціць сучаснікі!

Той жа голас дадаў:

— Мы ж яшчэ насмарк з кашлем блытаем...

— Зноў ты... Як тваё прозвішча? — запытаўся Піліп Патапавіч.

Устаў хударлявы патлаты студэнт:

— Кузьма... Кузьма Рэзус я...

— Святы Гіпакрат! — пляснуў у далоні Піліп Патапавіч.— Ды табе за адно толькі прозвішча можна дыплом выпісваць! О-о! Прозвішча — гэта фасад чалавека! Вось я, напрыклад...

Тут Піліп Патапавіч раптоўна збянтэжыўся.

— Так, не будзем адхіляцца ад гаворкі. Сядай, Кузьма! Тлумачу ўсім: плюньце на насмарк і кашаль, начхайце на ўсе лацінскія тэрміны! Ваша справа — уставіць у вушы вось гэта (Піліп Патапавіч паказаў фанендаскоп), прыкласці вось гэту штуковіну да грудзей і спіны і загадаць: «Дыхайце — не дыхайце». Зразумела? Далей запоўніце на кожнага вось такую картку, і ўсё! Галоўнае — больш саліднасці!

Кузьма пасмялеў і папытаўся:

— А калі патрапіць сапраўдны хворы, пачнуцца скаргі, пытанні... Што тады?..

— Малайчына, Кузьма! — пахваліў Гінеколаг.— Бачу перад сабой будучае свяціла медыцыны! Тлумачу далей: усіх, хто будзе выклікаць у вас прафесійныя цяжкасці, накіроўвайце да мяне. Непасрэдна да мяне! Ды і з пацыентам не трэба рассусольваць: ці слухай дактароў, ці будзь здароў!

Будучыя свяцілы медыцыны ўзбадзёрыліся, загаманілі.

 

* * *

Вёска Пігулка знаходзіцца недзе на краі свету. Яна і трапіла пад патранаж Кузьмы Рэзуса. Стары «УАЗ», на якім прабіваўся па бездарожжы Кузьма, сам і кашляў, і смаркаўся.

Кузьма сядзеў на пярэднім сядзенні, як старажытная акамянеласць, сціскаючы пасінелымі пальцамі сумку з медыцынскімі карткамі і фанендаскопам. Яму, як самаму дасціпнаму, Гінеколаг даверыў і адзіны апарат для вымярэння ціску. Гэты апарат і хваляваў Кузьму больш за ўсё, бо, нягледзячы на тлумачэнні Піліпа Патапавіча, студэнт-бульбакоп так і не ўцяміў, як ім карыстацца.

Нарэшце «УАЗ», пыхкаючы і чхаючы, выпаўз з лесу і падкаціўся да першай хаты. Здранцвеласць ніяк не пакідала Кузьму, таму шафёр вылез з машыны, падышоў да плота і крыкнуў:

— Ёсць тут хто жывы?

Зарыпелі дзверы, і на двор выйшаў стары.

— Што добры чалавек шукае? — папытаўся ён.

— Прымайце, дзядуля, медыцыну! Прывёз пад самыя вокны! — гамоніць шафёр, паказваючы на акамянеласць у машыне.— Усё бясплатна! Усё для людзей!

Маланкай праляцела па хатах вестка: дактары прыехалі! Заварушыліся людзі, пачалі пераапранацца ў чыстае ды падцягвацца да хаты, у якой спыніўся Кузьма. Хто ішоў паскардзіцца на свае болькі, а хто — пагутарыць з разумным чалавекам.

Першы ў пакой да Кузьмы рашуча ўвайшоў ці то хлапец, ці то малады мужчына, з цікавасцю зірнуў на белы халат, у якім няўтульна хавалася хударлявае цела «ўрача».

«Нейкі замухрышка...» — падумаў першы пацыент, але ветліва прывітаўся.

Кузьма адказаў і, як вучыў Піліп Патапавіч, салідна спытаўся:

— На што скаргі?

— Ды ні на што! — засмяяўся хлопец.— Сказалі ўсім паказацца, вось я і тут.

— Распранайцеся да палавіны! — закамандаваў Кузьма і ўзяў у рукі фанендаскоп.

— А зверху ці знізу да палавіны? — запытаўся хлопец і, убачыўшы, як зачырванеўся доктар, дадаў: — Жартую! Жартую! — і зняў кашулю.

Пасля «дыхайце — не дыхайце» Кузьма зноў салідна заключыў:

— Так... вы здаровыя.

Хлопец чарговы раз засмяяўся і адказаў:

— А я і сам ведаю, што я здаровы!

Пасля таго як малады пацыент выйшаў, Кузьма падбадзёрыўся.

— Не так ужо і складана лячыць людзей! — сказаў сабе Рэзус і ўпэўнена крыкнуў: — Наступны!

У пакой нетаропка кульганула старая бабуля, доўга хрысцілася, быццам зайшла ў царкву, потым пакланілася і сказала:

— Добрага вам здароўечка, доктарка!

Кузьма разгубіўся, не ведаў, як ёй адказаць, і вырашыў вітаць па-гарадскому:

— Здрасьце! Праходзьце. На што скардзіцеся?

— Ой, доктарка! Калі пералічваць, на што, дык звечарэе.

Кузьма ўзяўся за фанендаскоп, але як уявіў, што давядзецца, нічога не разумеючы, абслухваць гэта высахлае цела, адклаў апарат і ўзяў другі — для вымярэння ціску.

— Усё ж якія скаргі на здароўе? — строга запытаўся ён.

Старая працягвала:

— Ой, доктарка! Сярэдзіну ломіць, страўнік не працуе, пад лыжачкай пячэ агнём, у левым вуху страляе, як Сымон з дубальтоўкі, а з правага вока штосьці вылятае...

Каб спыніць пералік хваробаў, Кузьма патрос перад носам старой апаратам для вымярэння ціску і запэўніў:

— Во тэхніка! Апошняе дасягненне сусветнай медыцыны! Зараз усё высветлім! Сядайце.

Старая паслухмяна села. Кузьма на руку старой зверху ватоўкі накруціў чорную ліпкую стужку і пачаў ціскаць гумавую грушу, забыўшыся ўставіць сабе ў вушы наканечнікі. Кузьма важна загадваў: «Дыхайце — не дыхайце».

Старая з цікавасцю назірала за дзеяннямі ўрача, а той, ціскаючы грушу, ліхаманкава прыдумваў, як супакоіць старую, што ёй параіць. Але нічога ў галаву не прыходзіла.

Раптам Кузьма ўспомніў наказ Піліпа Патапавіча, адкруціў стужку ад рукава ватоўкі і бадзёра сказаў:

— Усё зразумела!

Старая з надзеяй зірнула Кузьме ў вочы:

— Што, доктарка?..

Кузьма ўстаў, заклаў рукі за спіну і важна прайшоўся па пакоі:

— Страшнага нічога... Такое бывае... Але я вас накірую да Гінеколага.

Цяпер ужо ўстала старая:

— Доктарка, злітуйся! У маім узросце... Нашто мне той ражон? Я зроду не была ў гінеколага, і без яго Бог даў сямёра дзетак...

Кузьма ўспомніў, што з пацыентам не трэба рассусольваць, і абсек старую:

— Да Гінеколага, і кропка!

Старая сумна пагадзілася:

— Вам відней... Эх, доктарка...— перахрысцілася і выйшла з пакоя.

Кузьма з палёгкай уздыхнуў:

— Дзякуй вам, Піліп Патапавіч, за параду! Што я рабіў бы, як выкручваўся б без яе?

«Доктарка» выцер змакрэлы лоб і крыкнуў:

— Хто наступны?

У пакой шумна ўваліўся стары, але жвавы дзядок, грудзі якога абляпілі ўзнагародныя калодкі. Стары старанна выцер ногі, прыклаў пакручаныя часам пальцы да лысай галавы і сіпла адрапартаваў:

— Здравія жадаю! Салдат трох войнаў, пяці раненняў, дзесяці ўзнагарод — Іван Сліж! У палоне не быў, ад калгасу не бегаў!

Кузьма таксама па-ваеннаму адказаў:

— Жадаю здравія! Праходзьце, я вас паслухаю.

Па загаду Кузьмы стары распрануўся да пояса і паслухмяна то дыхаў, то не дыхаў. Кузьма нічога не чуў, але ўвесь час такаў:

— Так... так... добра. Так... усё зразумела...

Стары ўзрадаваўся:

— Няўжо зразумела?

Кузьма спужаўся, што зараз трэба будзе тлумачыць, што яму зразумела, таму хуценька дадаў:

— Тут трэба падумаць... трэба ўсё ўзважыць... А ўвогуле, што вам баліць?

Стары салдат схамянуўся, памаладзеў, быццам толькі і чакаў такога пытання:

— Значыцца, так: як вып’ю пірамідону пасля тэтрацыкліну, арганізм не прымае анальгіну, а левая нырка выкручваецца вакол сваёй восі. Калі ж усё прымаю наадварот, то ад кавінтону мяне трасе, ад этазолу кідае ў жар, а правая нырка апускаецца ніжэй левага калена...

У Кузьмы пацямнела ў вачах. Ён не меў паняцця, пра што гаворыць Сліж, ніколі не чуў назваў тых лекаў і не ведаў, як выкараскацца з гэтай блытаніны. Кузьма схапіўся за рог стала, каб не паваліцца, бо перад вачыма ўсё паплыло. Да яго вушэй, як праз туман, даляталі словы старога пацыента:

— І гэта яшчэ не ўсё, доктар! Ад кіслага малака з бульбай мяне заразае ікаўка, ад заціркі — душыць смага, а калі на ноч пераем сала — да раніцы сню сябе ў акопе на перадавой...

Кузьма зноў успомніў ратавальную параду Піліпа Патапавіча і рашуча спыніў старога:

— Хопіць! Усё зразумела! Цяпер усё!

Але стары не жадаў злазіць са свайго канька і настойліва працягваў:

— І гэта яшчэ не ўсё, доктар! Адліга насылае на маё цела сверб, у маразы слабее памяць, а як гляну нашча на сваю жонку — само смяецца...

— Хопіць! — закрычаў Кузьма.— Я ж сказаў: усё зразумела. Досыць!

Шчаслівы стары раскрыў бяззубы рот:

— Няўжо зразумела? І што?..

Кузьма доўга хадзіў па пакоі, затым рашуча спыніўся перад старым і важна сказаў:

— Не хвалюйцеся. Гэта не смяртэльна... жыць будзеце... Але я, для надзейнасці, вымушаны накіраваць вас у раён да Гінеколага.

— Што-о-о! — пырснуў слінай Сліж.— Што? Мяне, салдата трох войнаў, пяці раненняў, дзесяці ўзнагарод,— да гінеколага!

Кузьма спалохана адскочыў за стол:

— Супакойцеся! Ну што тут дрэннага? У вольны час...

— Што? — ажно вішчаў стары.— Я салдат трох войнаў! Я глядзеў у вочы фінляндцам, германцам, самурайцам... Як я пагляджу ў вочы вяскоўцам.

Кузьма ласкава супакойваў Сліжа:

— Ну, не жадаеце, не едзьце... Але ж медыцына не стаіць на месцы... Новыя падыходы да хваробы, новыя людзі...

Сліж апрануўся і рашуча пайшоў да дзвярэй.

Кузьма параіў услед:

— Паслухайце мяне, наведайце Гінеколага — і вам стане лягчэй, ён вам дапаможа...

Сліж выйшаў з пакоя, не зачыніўшы за сабой дзвярэй.

Чарга сыпанула пытанні:

— Чаго ты там лямантаваў? Табе што, балючы ўкол зрабіў доктар?

Сліж махнуў рукой і пайшоў на вуліцу.

Праз вокны да Кузьмы далятала:

— Я салдат трох войнаў, пяці раненняў, дзесяці ўзнагарод...

Праз некалькі дзён у раённай бальніцы ля кабінета ўрача-гінеколага выстраілася доўгая чарга, у якой стаяў і Іван Сліж. А яшчэ праз некаторы час Піліпа Патапавіча зноў перавялі на новае месца працы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.