epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Недавараная бульба

Мог дзяліць бы з аднагодкай

І душу, і цела.

Ажаніўся ж я з малодкай —

Дурань пасівелы.

 

А яна ўвесь час рагоча

(Мо дзяцюк прысніўся?).

А яна чагосьці хоча,

А чаго — забыўся.

 

Я на левы бок валюся,

А яна — на правы.

Я ніяк не адасплюся,

Мне не да забавы.

Пакаціўся шлюб няроўны

Да канца, да згубы.

Мала гора — дык раптоўна

Стаў губляць я зубы.

 

Не магу куснуць скарынку,

Сала не даецца.

Ем і п’ю адныя слінкі,

А яна смяецца.

 

Слінкамі не будзеш сыты,

Раз — і «лапці скінеш».

Жонка! Бульбы хоць звары ты!

Мо бліны расчыніш?

 

Баба — чорт хітрагаловы,

Хутка знойдзе выйсце:

Бульбу варыць да паловы —

Не магу угрызці.

 

Пра бліны няма і слыху,

Кажа: «цеста збегла!»

Я пачаў «ліняць» пакрыху

Ад яды нягеглай.

 

Завяжу я ў вузел шмоткі —

Скарб свой небагаты,

Ды пайду да аднагодкі,

Лепей — да шчарбатай.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.