epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Некасавокі хітрун

Усім вядома, што цар усіх звяроў — Леў. Але ж львы ў нашых беларускіх лясах зроду не вадзіліся. Дык што? Нашы лясы аказваецца дакладней, звяры ў нашых лясах спрадвеку жылі сабе «самапасам», без цара? Ды і само слова «цар» рэжа вушы сваёй аджыласцю. Не, нам патрэбен... Як жа мы яго назавем? А-а, вось як! Няхай ён будзе гаспадаром лесу і, адпаведна, гаспадаром лясных жыхароў.

А паколькі самы дужы ў нашых лясах Мядзведзь, пасада гаспадара лесу дастанецца яму.

Вы скажаце, што ў нашых лясах ёсць і больш дужыя жыхары, напрыклад, зубры. Так, але ж зубры не звяры, а ледзь не хатнія жывёлы.

Таму Мядзведзь лігітымна прыступіў да выканання сваіх няпростых абавязкаў. Чаму няпростых? Таму, што варта толькі аб’явіцца таму, да каго можна звярнуцца са скаргамі, адразу пакрыўджаных знойдзецца нямала.

Вось і Заяц, даведаўшыся, што нарэшце ёсць галоўны над звярамі, з усіх чатырох лапаў лупянуў да Мядзведзя.

— Ну, што табе, касы? — запытаў, задаволены сабой і сваёй пасадай Мядзведзь.

Заяц, замест адказу, усхліпнуў:

— Ну вось і вы... А я бег да вас, дзядзечка Мядзведзь, шукаць справядлівасці, а і вы туды ж...

Мядзведзь здзівіўся:

— Хто цябе пакрыўдзіў? І ў чым я перад табой вінаваты? Смела выказвайся, не бойся.

Заяц пасмялеў:

— Справа ў тым, дзядзечка Мядзведзь, што ва ўсіх прымаўках, ва ўсіх казках, мяне ўсе называюць касым ды касым. З чаго гэта ці ад каго пачалося, не ведаю. Але ж я зусім не касы. Вочы як вочы — вось зірніце самі.

І Заяц уперыўся вачыма ў гаспадара лесу.

— Ну, бачыце?

Мядзведзь уважліва зірнуў Зайцу ў вочы і паціснуў плячыма.

— Па мне, дык касавокасці няма... Але ж тут трэба афіцыйнае заключэнне, на спецыяльным бланку, з пячаткай. Нас, звяроў, абслугоўвае на паўстаўкі стаматолаг і акуліст Дзяцел. Вунь ён, на суседнім дрэве штосьці выстуквае, звернемся да яго.

Дзяцел паставіў перад Зайцам спецыяльную табліцу з літарамі рознага памеру і, прыкрываючы па чарзе вочы ў так званага «касога», папрасіў прачытаць тыя літары то адным, то другім вокам.

І, паколькі Заяц з лёгкасцю агучваў літары, Дзяцел зрабіў афіцыйнае заключэнне, што пацыент не страдае касавокасцю, інакш адно, касое вока, глядзела б у бок і не бачыла табліцы.

— Ну,— спытаўся Мядзведзь,— ты цяпер задаволены? Па лесе будзе абвешчана, што з сённяшняга дня зваць цябе касавокім ніхто не мае права. Дарэчы, прабач і мне, што сустрэў цябе такім недарэчным пытаннем — як і ўсе памыляўся.

Заяц зноў захліпаў:

— У мяне, дзядзечка Мядзведзь, не ўсё...

— Што яшчэ?

Заяц працягваў:

— Тое, што мяне лічаць баязліўцам, мяне не крыўдуе. Усе мы каго-небудзь баімся. Ды і не такі ўжо я баязлівец, я — асцярожнічаю.

— А што цябе крыўдуе? — перапытаў Мядзведзь.

— Мяне крыўдуе тое, і моцна крыўдуе, што амаль усе ў лесе лічаць мяне прасцячком, ледзь не дурным. А я не такі. Розуму ў мяне не менш, чым у іншых. Можаце праверыць, дзядзечка Мядзведзь.

Мядзведзь пачухаў патыліцу.

— Як жа я цябе праверу?

Заяц запаліўся:

— А хто ў нашым лесе самы разумны? — потым спахапіўся, пачырванеў,— Ой, што я кажу! Безумоўна, самы разумны вы, дзядзечка Мядзведзь! А вось хто ў нашым лесе самы хітры?

— Самы хітры? — перапытаў гаспадар лесу,— Пэўна, самая хітрая ў нас Ліса. Ці не хочаш ты яе аб’ягорыць, вушасцік?

— Запраста! — выпаліў Заяц,— Вось, калі я перахітру саму Лісу, што тады?

— Тады... — Мядзведзь зноў пачамяшыў патыліцу,— Тады ты будзеш у нас самы разу... прабач, самы хітры. І мандат такі атрымаеш з маіх лап, і ўсе цябе паважаць будуць — і я ў тым ліку. Але, калі апрастахвосцішся, быць табе і прасцячком, і дурненькім. Рызыкуеш, вушасцік! Ох рызыкуеш!

— Рызыкую! — усклікнуў Заяц,— Але ж добрае імя рызыкі вартае!

І ён памкнуўся ад Мядзведзя, каб нейкім чынам ажыццяўляць задуманае, але гаспадар лесу яго спыніў.

— Пастой! А як я і ўсе мы даведаемся, што ты перахітрыў Лісу?

Заяц весела ўсміхнуўся:

— А вельмі проста, дзядзечка Мядзведзь! Я да вас прыеду верхам на Лісе — гэта і будзе сведчаннем таго, што я яе абдурыў.

Мядзведзь ад здзіўлення раскрыў рот.

— Верха-а-ам на Лісе?.. Каб Ліса дазволіла сесці на сябе... ды каму? Ты, вушасцік, перагнуў.

— Пабачым! — весела адгукнуўся Заяц і знік у лесе.

Тут, як на тое шчасце, нос у нос спаткалася Ліса.

— Вітаю цябе, касавокі! — з ухмылкай прывіталася яна,— Куды скачаш?

— Вітаю цябе, Воўк! — азваўся Заяц.

Ліса здзівілася:

— Які Воўк? Дзе Воўк? Гэта ж я, Ліса.

Заяц жаласліва працягваў:

— Ой, прабач, Лісачка. Штосьці з маім зрокам здарылася — быў касавокі, зараз зусім ўсё расплываецца перад вачыма. Вось цяпер ты выглядаеш, як Лось з рагамі.

— Ды ты што? — абурылася Ліса,— Толькі рог мне і не хапала!

Заяц зарагатаў:

— Во-о, цяпер ты падобна да Вожыка. Не падыходзь, бо яшчэ паколіш мяне.

Ліса на ўсякі выпадак пагладзіла лапкай сваю прыгожую шубку.

— Няма ў мяне ніякіх іголак! Раскасавурыўся ты зусім, вушасцік. Наведаў бы лепш нашага акуліста Дзятла, ён табе акуляры прапіша, ці нейкія лекі.

Заяц скрывіўся:

— Ды быў я ў яго, Лісачка. Вось і спраўку ён нейкую мне напісаў. На жаль, я са сваім зрокам прачытаць яе не магу.

Ліса перахапіла спраўку.

— Які дурань гэта напісаў? — зарагатала яна,— Ды яшчэ за подпісам самога гаспадара лесу! Ты хоць ведаеш, што тут напісана? — звярнулася Ліса да Зайца.

— Не! — адказаў Заяц,— А што там?

Ліса працягвала рагатаць:

— А тут сведчаць пісьмова, што ты не толькі не касавокі, а маеш зрок не горшы, чым ва ўсіх нас.

— Ды не можа такога быць! — зрабіў здзіўлены выгляд Заяц,— Гэта ж здзек! Гэта ж такое напісаў Дзяцел, каб усім лесам пасмяяцца з мяне.

Заяц жаласціва захліпаў:

— А Мядзведзь!... І ён з усімі насмешнікамі за адно. Які сорам!

Ліса схамянулася:

— У мяне ажно лапы свярбяць, настолькі хочацца хутчэй дабегчы з гэтай спраўкай да гаспадара лесу. Але ж і ты павінен быць там, касавокі-перакасавокі! Які без цябе баль! Ты будзеш галоўным героем гэтай смехатворшчыны. За мной!

І Ліса падалася ў бок ляснога зборышча звяроў.

Заяц памкнуўся за ёй, але рабіў выгляд, што амаль нічога не бачыць — то лез галавой у куст, то натыкаўся лбом на дрэва.

Ліса нервова ўскіпела:

— Ну што ты цягнешся, як чарапаха! Хутчэй перастаўляй лапы!

Заяц зусім абвіс:

— Не магу... Цёмна ў вачах. Давай сюды маю спраўку і імчы адна да Мядзведзя.

— О не! — усклікнула Ліса,— Без цябе і гэтай паперкі нечаканы дзень гумару не атрымаецца.

— Вось што,— усхліпнуў Заяц,— калі хочаш для сябе сапраўднае свята смеху, падвязі мяне на сабе, усё ж хутчэй будзе.

Ліса ў запале пагадзілася:

— Во навязаўся на маю галаву! Лезь мне на спіну касавочына-сляпоціна. Трымайся!

Мядзведзь тым часам склікаў да месца ляснога сходу ўсіх жыхароў лесу. Усім нецярпелася пасмяяцца з Зайца, які ўздумаў перахітрыць саму Лісу.

Якое ж было іх здзіўленне, калі на паляну, высунуўшы язык, прыімчала Ліса, на спіне ў якой важна сядзеў Заяц.

Агульнае здзіўленне і аслупяненне раптоўна змянілася дружным рогатам. Больш за ўсіх рагатала Ліса і выкрыквала ў бог Зайца:

— Я ж казала, касавокі, што свята смеху адбудзецца. І адбудзецца, дзякуючы табе, вушасцік! Які ты прасцячок!

Мядзведзь перапыніў смех і весела заключыў:

— Свята смеху сапраўды адбылося. І адбылося, як ты сказала, Лісачка, дзякуючы нашаму некасавокаму і вельмі разумнаму Зайцу.

Невядома, як у іншых лясах, а ў гэтым лесе з тае пары, наш некасавокі хітрун лічыцца самым разумным сярод усіх звяроў, вядома ж, пасля гаспадара лесу, бо спрадвеку галоўныя — самыя разумныя.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.