epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ненавіджу

Ненавіджу цябе, як на досвітку муху,

Як шчака аплявуху,

Як нявестка свякруху.

 

Ненавіджу цябе, як рыбак рыбака,

Як грыбнік грыбніка,

Як авечка ваўка.

 

Ненавіджу цябе, нібы жахі у сне,

Як дакор на спіне,

Нібы «х» на сцяне.

 

Ненавіджу цябе, як пад вокам пухліну,

Як прылюдную кпіну,

Як жанчына жанчыну.

 

Ненавіджу цябе...

А каму ж гэта «слава»?

У каго «кампліменты» ляцяць неласкава?

І каго я радкамі лупцую, як пасам?..

Ды самога сябе ненавіджу я часам.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.