epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Непараўнальнае

— Скажы, Радзіма дзе твая? —

Спытаў хтось насцярожана.

— Лагойшчына! Ці ж мог быць я

Другой зямлёй народжаны?

 

Зямля дала мне крылы тут,

Тут здзейсніў свае мары я! —

А мне ў адказ: — Дык гэты ж кут —

Лагойская Швейцарыя!..

 

Я гэту дурасць чуў не раз

І кляў яе без літасці:

— Пры чым Швейцарыя да нас,

Да нашай самабытнасці?

 

Чужыя мераем штаны,

Фарсім чужой сарочынай.

Няхай швейцарцы, хай яны

Свой дом завуць Лагойшчынай!

 

Свая там «ноша на гарбе»,

Свае пейзажы горныя,

А мы падобны да сябе

І гэтым непаўторныя.

 

І прыгажэй кутка майго

Няма нідзе! — гутару я,—

Што тут прыклала да ўсяго

Да гэтага Швейцарыя?..

 

О, родны лес і сенажаць,

Рачулкі салаўіныя!

Ні з кім цябе не параўнаць,

Зямля бацькоў адзіная!


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.