epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Непазбежнасць

Песні сваёй

Наступіў я на горла,

Лёсу узнёсласць

Складала яе.

Лічыцца,

Што прыжыццёва памёрла

Песня, якую

Ніхто не пяе.

 

Ах, як гучала

Мелодыя гэта

Звонка і шчыра,

Наіўна падчас.

Спетая, ды да канца

Не дапетая,

Песня маўчыць,

Жар мелодыі згас.

 

Хоць захаваліся

Сілы для ўзлёту,

Неба настрою

Не прыме мяне.

Рыфмы —

Нібыта змярцвелыя ноты,

Ў прозу жыцця

Безнадзейнасць хіне.

 

Звон памінальны —

Жалобы прадвеснік,

Сёння да песні —

Трагедый сцяна.

Родных маіх —

Як сааўтараў песні,

Болей няма —

Вось і сціхла яна.

 

Зносіны сціхлі,

Сустрэчы, гаворка,

Святы сумесныя —

Як не было.

Слухаць вакол цішыню

Сёння горка,

Адгаманіла жыццё,

Адгуло.

 

Ад адзіноцтва

Не будзе збавення,

Гэты прысуд непазбежнасці —

Жуць.

Як бы хацеў я

Хаця б на імгненне

Песню мінулага

Сёння пачуць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.