epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Несапраўднахворы

Забалела Паўлюку ў правым баку.

Ён гукнуў суседа праз плот:

— Хвядос, а Хвядос! Забалела мне раптоўна ў правым баку. Што гэта можа быць?

Хвядос адгукнуўся:

— Пачакай,ты ж ведаеш, што мая жонка працуе ў амбулаторыі прыбіральшчыцай.

Хвядос павярнуўся ў бок сваёй хаты і крыкнуў туды, дзе павінна была быць яго, свядомая ў медыцыне, жонка:

— Параска! Ходзь сюды!

З-за вугла хаты выклыпала Параска:

— Што табе?

— Ды не мне! Вунь у суседа ёсць пытанні па медыцынскай тэматыцы.

— А-а, Паўлюк! — усміхнулася Параска,— Што ў цябе за пытанні?

Паўлюк шмаргануў носам:

— Ведаеш, суседка, забалела мне раптоўна ў правым баку. Што там магло скруціцца?

— Параска прафесійна ставіць пытанні:

— А дзе? Зверху ці знізу? І ў якім баку? Справа ці злева?

Паўлюк яшчэ раз шмаргануў носам.

— У правым баку знізу.

Параска ўдакладніла:

— Зусім знізу ці дзе?

— Знізу! — адказаў Паўлюк,— Ніжэй не бывае — у самай пахвіне.

Параска паглядзела ў неба і выдыхнула:

— О-о, суседзе! У цябе, мусіць, апендыцыт. Рыхтуйся пад нож.

Паўлюк жахнуўся:

— Сплюнь ты, суседка! Адкуль ён мог узяцца? Я ж нічога такога не еў.

Параска скрывілася:

— Табе што, так ужо неабходна ведаць, адкуль бяруцца апендыцыты?

— А што ж рабіць? — занепакоіўся Паўлюк.

— А што ў такіх выпадках робяць? — адказала пытаннем на пытанне суседка.

— А што?! — наблізіўся бліжэй да плоту Паўлюк,— Што?!

— Ідуць да доктара, вось што! — важна адказала Параска.— Потым падумала і працягнула сваю кансультацыю: — Я чула, што перад аперацыяй неабходна пагаліцца...

— Дык я паголены! — усклікнуў Паўлюк.— А што, непаголеных не аперыруюць?

— Балда ты! — аж падскочыла Параска,— Пагаліць трэба, як яго... ну, ніз жывата і нават ніжэй.

— Для чаго? — здзівіўся Паўлюк.

— Для таго! — пачала злавацца медыцынская прыбіральшчыца.— Ты лепш не губляй часу, а пагалі сябе сам. На усякі выпадак. Калі пачнецца прыступ, цябе, гатовенькага хуценька пляснуць на аперацыйны стол — і ўсё.

— Дык прыступа ж пакуль няма... — завагаўся сусед.

Параска ўскіпела:

— Які ты сапраўдны балда! Калі пачнецца прыступ, будзе позна.

Паўлюк паціснуў плячыма:

— Табе відней, суседка... Ты ў медыцыне ўжо не першы год... Пайду галіцца.

— Вось яшчэ што! — гукнула Параска,— Пажадана, каб ты перад аперацыяй быў галодны. Ды не проста галодны, а каб перад прыступам не еў дні тры, а то і болей.

— Во навалілася! — абурыўся Паўлюк,— Калі гэты прыступ пачнецца, і калі мне перастаць есці?

На наступны дзень, цяпер ужо Хвядос гукнуў праз плот свайго суседа:

— Ну што, Паўлюк, пагаліўся?

— Пагаліўся, увесь жывот сабе пазразаў лязом! — з болем адказаў той.

— Трэба было з мылам, а ты, мусіць, усухамятку,— раіць Хвядос і пытаецца далей: — А есці перастаў?

— Пакуль трываю, не ем,— адказаў Паўлюк.— А колькі яшчэ вытрываю, не ведаю.

Хвядос зноў раіць:

— Ішоў бы ты, сусед, да дактароў.

— Ага! — запярэчыў прытворнахворы,— А раптам у мяне няма апендыцыту.

Хвядос не вытрываў:

— Ну, дык еш тады!

Паўлюк запярэчыў:

— Ага! А раптам у мяне ёсць апендыцыт! Ён толькі і чакае, калі я наемся.

— А баліць у баку? — спытаўся Хвядос.

— А халера яго ведае! — завагаўся Паўлюк,— Не думаю пра хваробу больш — не баліць, падумаю, штосьці, быццам, заные.

На трэці дзень, пасля «захворвання», вясёлы Паўлюк даклаў суседу праз плот:

— Слухай, Фядос, дык, аказваецца, няма ў мяне ніякага апендыцыту.

— А куды ён дзеўся? — дзівіцца сусед.

Паўлюк зарагатаў:

— Гэта спражка ад рэменя намуліла мне пуза, ліха яе бяры, а я, дурань, і жывот пагаліў і тры дні пасціўся. Во закавыка!

— Дык пачаў хоць есці? — засмяяўся і Хвядос.

— Ем! Нават ад радасці кульнуў трохі. Затым Паўлюк наблізіўся да суседа:

— А твая жонка, Хвядос, у медыцыне сабаку з’ела. Больш бы такіх дактароў!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.