epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Несапраўдны архірэй

Адчыніліся дзверы, і ў хату да Гелены ўвайшла яе сяброўка Матрона. Прывітаўшыся, Матрона папыталася:

— Ну як, да Вялікадня рыхтуешся?

— А як жа! — адказала Гелена.— Усё перамыла, усё паператрасала. Націснула на Ігната, той нават печ пабяліў.

— І сапраўды, у хаце павесялела,— азірнулася Матрона.

Слова за слова — і пацякла звычайная жаночая гаворка пра тое, што ўжо не раз гаворана-перагаворана. Не абмінулі яны і гаркотнай тэмы пра сваіх мужыкоў, якія колісь так пілі гарэлку, ажно гай шумеў.

Ляціць, бывала, Гелена да Матроны: забяры свайго Павэлка, ляжыць у нас пад сталом, як нежывы. Назаўтра — Матрона да Гелены: Ігнат твой з нашага ганка зваліўся ў крапіву і толькі бурбалкі пускае з носа... і гэтак што-дня...

Час ляціць хутка і непрыкметна. Гэтыя дзве сям’і пасталелі і пачалі паціху старэць. На дзіва сваім жонкам і ўсім аднавяскоўцам Ігнат з Павэлкам раптоўна і рашуча «завязалі» — кінулі піць. Ці здароўе іх стала падводзіць, ці пад старасць за розум узяліся, а можа, і тое і другое. Але мала таго, што адмовіліся ад атрутнага зелля, дык яшчэ адзін з іх — Павэлак — зрабіўся набожным. Раніцай моліцца, вечарам моліцца, у нядзелю і святы кіруецца ў царкву. У дадатак адпусціў бараду, хоць з яго ікону пішы.

Ігнат не дае праходу сябру, жартуе:

— Паўлюк! Ці не вальтануўся ты? Піў да ачмурэння, а кінуўся ў маленне!

Паўлюк спакойна адказваў:

— На ўсё воля Боская!..

Набліжаўся Вялікдзень. Вернікі чакалі яго з нецярпеннем. Рыхтаваўся да свята ў царкве і айцец Мікалай, прадумваў усё да драбніц.

На службу ў царкву збіралася прыехаць раённае начальства — цяпер гэта модна.

Рыхтаваўся да свята і Паўлюк. Посціў, паўтараў пацеры ды бараду пачэсваў.

Ігнат пры сустрэчы з сябрам не злазіў са свайго канька:

— Лепей бы ты, Паша, піў у меру, чым з барадой улез у веру!

Паўлюк пакорліва адказваў:

— На ўсё воля Боская!..

І вось свята падышло, як кажуць, пад самыя вокны. Заўтра — Вялікдзень! Паўлюк збіраўся на ўсяночную, але, адчуўшы ламату ў нагах, перахрысціўся і лёг раней спаць, каб раніцай устаць бадзёрым і днём наталіць душу богаслужэннем.

Зранку, яшчэ прыцемкам, нехта настойліва загрукаў у акно. Паўлюк устаў, падцягнуў споднікі і адчыніў дзверы. На ганку стаяў Васіль Шэршань з суседняй вёскі, у якой знаходзілася царква.

— Хрыстос уваскрос, Паўлючок, братка! — неяк спужана крыкнуў Шэршань.— Айца Мікалая скруціла пасля ўсяночнай, як перавясла! Мусіць, перастаяў ноччу... Ляжыць, крануцца не можа — палена паленам...

Павел здзівіўся:

— А я што? Я пры чым тут?.. Ах, прабач, сапраўды ўваскрос!

— Браточак! — ледзь не плача Васіль.— Айцец кліча цябе. Хутчэй!

Паўлюк яшчэ больш здзівіўся:

— Дык я ж не доктар! У саміх карова жвачку перастала жаваць, а тут святы чалавек... Гэта мудрэй, чым карова.

Шэршань тлумачыць:

— Я так зразумеў, што айцец хоча, каб ты сёння яго падмяніў. Ты ж у нас, пасля айца, самы набожны!

Паўлюк ступіў назад:

— Я?!. Ды ў айца Мікалая, пэўна, гарачка... даруй мне Бог! Я ж ні бэ ні мэ...

— Ты ні бэ ні мэ?! — строга спыталася Матрона, якая стаяла за спіной і ўсё чула.— Ты ж мне ўсе вушы прадзёўб сваімі малітвамі! Табе што, цяжка ў царкве перад людзьмі пачытаць іх?

Паўлюк узмаліўся:

— Адна справа — дома, другая — у царкве, прынародна! Я баюся! Баюся!

Матрона запэўніла:

— Калі што — я дапамагу, падкажу з натоўпу. Хутчэй апранайся і едзь да святара, там і вырашыце.

— Яно-то з’ездзіць можна...— неахвотна згадзіўся Павел.— Там заадно і на свята застануся... А калі ж я разгавеюся?!

Матрона выбухнула:

— Не нагавеўся за жыццё? На сто чалавек хапіла б тваіх гавенняў! Едзь ды падмяні святога айца, можа, Бог і даруе твае п’яныя выкаблукі!

Павэлак хуценька апрануўся, выйшаў з хаты і сеў на падводу.

— Прыпыніся вунь ля той хаты! — папрасіў Васіля.— Гукну Ігната, дасць Бог, для смеласці паедзе са мной...

Ігнат ужо прачнуўся і вельмі здзівіўся просьбе сябра.

— Паўлуха! Я, каб ведаў, бараду адпусціў бы ды пацеры вывучыў,— смяецца ён.

Павэлак прапусціў міма вушэй сябраў жарт:

— Ігнат! Ігнацік! Паедзем са мной! А што, калі і на самай справе давядзецца падмяняць айца? З табой мне зручней! Смялей! Ты ж хоць маральна мяне падтрымаеш.

У Павэлкавым голасе было столькі болю, што Ігнат згадзіўся:

— Добра! Ты калісьці памагаў мне свінню калоць, памагу і я табе. Бог, спадзяюся, залічыць...

Прыехаўшы ў суседнюю вёску, Павэлак адчыніў дзверы бацюшкавай хаты, перахрысціўся і, стаўшы на калені, схапіў абвіслую руку святара, які ляжаў на ложку, і цмокнуў яе.

— Хрыстос уваскрос! Са святам, святы айцец! Хай Бог дае...

— Ай! Ай! О-ёй! — заенчыў на ложку айцец.— Пусці руку! Б’е, як токам!

Паўлюк збялеў і адскочыў:

— А што з вамі, бацюшка?! Што?!

Айцец прастагнаў:

— Чортаў радыкуліт скруціў! Вачамі крануць не магу! Ай! Ой!.. Богам цябе прашу, не адмаўляйся, будзь сёння маім намеснікам — адслужы службу замест мяне! Начальства ж едзе з раёна... Людзі пачнуць хутка збірацца...

Павел паціснуў плячыма:

— Я ж не ўмею... Такая адказнасць... Баюся я...

Святар ледзь выдыхнуў:

— Рабі ўсё, як я раблю. Ты ж не раз бачыў і чуў... Чытай малітвы велікодныя ды махай кадзілам. Галоўнае — не спыняйся і працяжна спявай усё, што ведаеш са Святога Пісання...

Павэлак разгублена прамармытаў:

— Калі так трэба, дык я паспрабую. Спадзяюся, Бог мне паможа...

Айцец Мікалай зноў прастагнаў:

— Ой, паможа! Ай, паможа!..

Павэлак хацеў ісці, але хворы спыніў яго:

— Куды ты, сын мой? Вазьмі вунь ключы ад царквы. Там пераапраніся ва ўсё маё царкоўнае, надзень крыж на шыю і — не падвядзі мяне і Бога!

Павел дрыготкаю рукой узяў ключы і даўся з хаты.

На двары чакаў Ігнат:

— Ну, як? Што з айцом Мікалаем? Чаго выклікаў?

Паўлюк, замест адказу, моўчкі паказаў ключы.

— Няўжо будзеш сёння за галоўнага? — усклікнуў Ігнат.

Павел кіўнуў галавой — у яго адняўся язык.

Ігнат стаў у святарову позу, узняў угару руку і распеўна прагаварыў:

— Слухай, душа, былога алкаша!

Паўлюк не сцярпеў:

— Што ты падкусваеш? Навошта дабіваеш? Я цябе ўзяў для падтрымкі духу... А ты?..

— Эх, браток! Некалі мы падтрымлівалі дух іначай... Так падтрымлівалі, што ўсё наваколле гуло! — сказаў Ігнат.

Павел махнуў рукой:

— Пайшлі ў царкву! Трэба ж хоць агледзецца ды асвоіцца там дый пераапрануцца.

Калі сябры прыйшлі ў царкву і Паўлюк апрануў святочнае святарова адзенне ды начапіў на шыю вялікі бліскучы крыж, Ігнат схапіўся за галаву:

— Па-аша! Ты ж — выліты святы айцец! Як з іконы саскочыў! Вось хто мне адпусціць усе мае грахі!

Люстэрка не было, Паўлюк сябе не бачыў, таму няўпэўнена запытаўся:

— Што, сапраўды нічога?..

— Якое нічога! — усклікнуў Ігнат.— Ты — натуральны архірэй... ці архімандрыт... ці — хто там яшчэ? Намеснік Бога на зямлі!

Паўлюк махнуў рукой:

— Ат! Ад цябе праўды не дачакаешся! Запалі лепш свечкі ля абразоў, зараз людзі пачнуць збірацца...

Ігнат выканаў загад і спытаўся:

— Што яшчэ, ваша высокапраасвяшчэнства?

Паўлюк паглядзеў наўкола, нешта прыкінуў і кажа:

— Я буду тут, за алтаром, а ты, як прыедуць высокія госці, правядзі іх праз натоўп вернікаў на пачэснае месца да самага алтара і хуценька заходзь да мяне. Запаліш і падасі мне ў адну руку скрыжаваныя свечкі ў падсвечніку, у другую руку дасі кадзіла — я адразу і пачну службу... Дарэчы, а дзе яно?

— Вось вісіць яно, бацюшка,— іранізуе Ігнат.

— Хопіць зубаскаліць! — просіць сябар.— Справа сур’ёзная, адказная. Не дай Бог апраставалосіцца. І скінь ты сваю ватоўку!

Час цягнуўся марудна, трывожна. Паўлюк мармытаў пад нос усё, што ведаў, хваляваўся. Дый Ігнат прыціх, напружыўся.

Нарэшце першыя вернікі пачалі заходзіць у царкву, вакол якой стаялі падводы тых, хто прыехаў з навакольных вёсак. Людзей набілася — не дыхнуць! Усе чакалі пачатку службы і не ведалі, што айцец Мікалай ляжыць дома, як той гніляк.

Паўлюк адчуў, што змакрэла спіна, пачалі падрыгваць калені. Нейкая суш убілася ў рот, язык прыліп да паднябення — не адарваць. Можна было пачынаць службу, але не прыехала яшчэ высокае начальства. Здавалася, духата ўзарве дах царквы, нават свечкі пачалі мігцець — не хапала кіслароду. Хваляванне распірала Паўлюка, як духата царкву.

І вось падкацілі да царквы «Волга» і «уазік», і з іх вышчаміліся важныя кіраўнікі раёна. Ігнат кінуўся ім насустрач, распіхваючы вернікаў. Падбег да самага тоўстага і непаслухмяным языком запрасіў у царкву:

— Заходзьце, калі ласка! Вас даўно чакае...— Ігнат запнуўся. Не казаць жа, што чакае Паўлюк, былы алкаш.— Вас даўно чакае... Вас чакае архірэй! — выпаліў ён.

Сярод начальства пайшоў гоман:

— Архірэй! Ого! Дзеля нас сам архірэй прыехаў!.. Дзе газетчык? Дзе фотакар? Фіксуйце для гісторыі!

Паважная дэлегацыя прайшла праз натоўп за Ігнатам да самага алтара, бліжэй да архірэя.

Паставіўшы гасцей на пачэснае месца, Ігнат шмыгнуў за царскія дзверы.

— Давай, Паша! Не дрэйф! Успомні маладосць, калі жыццё аж кіпела ад нашых выкрунтасаў!

Паўлюк горача зашаптаў:

— Давай! Запальвай свечкі! Распальвай кадзіла!

Ігнат запаліў свечкі, кінуўся да кадзіла, а яно — пустое. Не ведае, што запальваць. Ён пахаладзеў.

— Паша! Кадзіла пустое! Што там павінна быць? Можа, газа?

Паўлюк запырскаў слінай:

— Якая газа? Гэта ж не газоўка, не лямпа!

У царкве пачалі хвалявацца, гаманіць вернікі. Надта ж доўга ніхто не паказваўся з-за алтара.

Паўлюк кінуўся да сябра:

— Не губі, Ігнаток! Выручай! Ну хоць што-небудзь запалі ў ім! Хоць што, абы дымілася!

Ігнат замітусіўся, не ведаючы, што рабіць,— ліхаманкава абмацаў кішэні, кінуўся да ватоўкі, скубянуў з дзіркі пачарнелай ваты. Рукі трэсліся, запалка ніяк не магла шмаргануць па карабку.

— Зараз, Пашка! Трымайся! Будзе дым! Будзе! — Ён запаліў кавалак газеты, падсунуў яго пад вату — і кадзіла ажыло, густа запыхкала. Дым быў непрыемны, едкі, затое вярнуў як з коміна.

Ігнат усунуў у здранцвелую руку сябра кадзіла і падштурхнуў у спіну.

Павэлак ужо нічога не чуў і амаль нічога не бачыў. Ён як не сваімі рукамі трымаў падсвечнік з запаленымі свечкамі і чаднае кадзіла. Піхнуўшы нагой дзверы, ён выйшаў да людзей. Гоман і шэпты сціхлі. Цішыня была нясцерпная. З вялікай цяжкасцю ён адарваў язык ад паднябення і расціснуў здранцвелыя пашчэнкі. Рот-то ён раскрыў, але ўсё, што ведаў, імгненна выскачыла з галавы. З чаго пачынаць? Жах!

— Госпадзі, ясі! Пачуй нас на небясі! Для ўсёй Беларусі сваю благадаць прынясі!..

Павэлак запнуўся і аслупянеў: «Што я мялю? Які сорам!».

Вернікі пачалі хрысціцца, пераглядвацца — такой малітвы яны яшчэ не чулі.

Ілжэсвятар зноў раскрыў рот і адначасова замахаў кадзілам. Едкі дым распаўзаўся па царкве, завісаў над галовамі людзей, лез у вочы.

Тут Паўлюк успомніў пра перадвелікодны пост:

— Госпадзі! Мы пасцілі і ты папасці! Мы адпасцілі — у нас пагасці! А хто не пасціў — грахі адпусці!..

Зноў пеканула думка: «Куды мяне заносіць? Што з маім языком?..»

Дым ад ваты пачаў круціць Павэлку ў носе, выядаць вочы. Па шчоках пакаціліся слёзы.

Начальства зашапталася:

— Гляньце! Архірэй плача! Вось гэта дык пропаведзь — шчырая, аж да слёз!

Паўлюк узняў вочы:

— Госпадзі! — Дым засцілаў вочы, дзёр горла.— Госпадзі! На нас пашлі сваё... апчхі... апчхі...

Ён ужо нічога не бачыў, слёзы ручаямі каціліся з вачэй. Пачалі паціху выціраць слёзы і іншыя. Дыхаць было цяжка.

Павэлак нервова задраў галаву, узняў над ёй падсвечнік са свечкамі, замахаў імі крыж-накрыж:

— Госпадзі! З вышыні сваёй пасады...— Раптам растоплены, гарачы воск са свечак закапаў яму на твар. Павэлак зароў немым голасам: — Ой, халера ясная! Ой, пячэ!

Сабраўшы апошнія сілы, Павэлак паспрабаваў весці службу далей:

— Госпадзі!.. Ды што гэта такое? Агнём пячэ, сволач!..

— Хрыстос уваскрос з мёртвых! Паша! Дурань! Хрыстос уваскрос! — пачуў Паўлюк голас сваёй жонкі, які далятаў з закуранай царквы.— Смерцю смерць перамог! — напіналася жонка.

Кропля воску зноў ляпнулася Паўлюку ля самага вока. Ён зароў:

— Матрона! Дурыдла! Заткніся! Без цябе тут хоць памірай!

За царскімі дзвярыма зарагатаў Ігнат:

— Вось такую пропаведзь я люблю!

Вернікі зашапталіся:

— Гэта ж не айцец Мікалай! Гэта ж Павэлак — былы п’яніца і валацуга!.. А за алтаром сядзіць яго сабутэльнік...

Раённае начальства, выціраючы падкураныя вочы, занепакоілася:

— Кажуць, гэта не архірэй... Нейкі алкаголік... А мы перліся ў такую далеч, быццам у нас сваіх забулдыг мала.

Паўлюк апусціў рукі і перастаў махаць кадзілам, адварочваючы твар ад дыму.

— Апчхі! Госпадзі!.. Кха... кхе...

З натоўпу вернікаў пачуўся жаночы крык:

— Цяпер ужо ты заткніся, Павэлак! Хопіць дурыць нам мазгі!

Другі голас падтрымаў жанчыну:

— Затушы ты сваю курылку! Задушыш! Дзе айца Мікалая дзеў?

Пачуліся галасы:

— Пэўна, задушыў і галавой пад корч! Трэба выклікаць міліцыю, няхай забойцу арыштуюць!

За мужа заступілася Матрона:

— Што ты пляцеш, жаба разлезлая?! Жывы айцец Мікалай! Чорт яго не возьме!

Паўлюк папляваў на вату, прыціснуў яе пальцамі:

— Ды расчыніце вы дзверы, няма чым дыхаць! — Потым стомлена сказаў: — Айца Мікалая, акрамя хваробы, ніхто не душыў. Ляжыць ён хворы, а я хацеў як лепей... Я ж толькі вучуся...

— Дрэнны ты вучань! — крыкнулі з натоўпу.— Пайшлі дамоў, людцы, ля абразоў лепш памолімся!

Галоўны раённы начальнік узняў руку ўгору:

— Стойце, грамадзяне! Калі ўжо так атрымалася, дазвольце мне сказаць перад вамі прамову!

Усе прыціхлі, хтосьці прашаптаў:

— Яшчэ адзін прапаведнік...

— Дарагія грамадзяне! — пачаў кіраўнік.— Пасяўная, як кажуць, на носе! Давайце, як кажуць, паднатужымся — і стары, і малы, і крывы — і адсеемся, як кажуць, раней мінулагодняга! Заўтра — наперад, на працу!

Нехта з вернікаў ціха сказаў:

— Заўтра ж свята. Другі дзень Вялікадня, працаваць грэх...

Кіраўнік павучальна абсек:

— Не працаваць грэх! А праца, як кажуць, галоўная наша заваёва. Ура, таварышы вернікі!

Людзі насупіліся, маўчалі, толькі за алтаром Ігнат крыкнуў: «Ура!» — не зразумеў, што да чаго.

— Цяпер усе свабодныя да заўтра! — закончыў кіраўнік.

— Хрыстос уваскрос! — пачулася ў дзвярах. Людзі азірнуліся — на парозе стаяў айцец Мікалай.— Хрыстос уваскрос! — паўтарыў ён урачыста.

— Сапраўды ўваскрос! — дружна адказалі вернікі. Хтосьці нават крыкнуў: — Бацюшка ўваскрос!

Ігнат за алтаром дадаў:

— Паўлюк загінуў!..

Пачуўся голас з натоўпу:

— Святы айцец! Гэты прахіндзей казаў, што вы хворы, што вас...

Святар перапыніў:

— Нельга чалавека абзываць такім словам! Будзем заўжды міласэрнымі, тым больш што ён казаў праўду... Я і сапраўды ляжаў і не мог варухнуцца, але раптоўна адпусціла — Бог памог! Зараз мы працягнем службу! Я і вас запрашаю застацца! — звярнуўся ён да начальнікаў.

— Не! — у адзін голас адказалі яны.— Досыць, што мы наслухаліся «архірэя». Паедзем рыхтаваць астатніх жыхароў раёна да пасяўной,— а самі дружна пачасалі вусы, селі ў машыны і пакацілі.

Паветра ў царкве пасвяжэла, людзі радасна ўсміхаліся, а неўзабаве пачалася сапраўдная служба.

— Хрыстос уваскрос!

— Сапраўды ўваскрос!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.