epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Несціхаючы гімн

Бываюць жа дні — як карціна у раме,

Застыла прырода, нібыта у сне.

Яна, як пасрэднік між вечнасцю й намі,

Спакоем сваім за жывое кране.

 

І як не заглыбіцца ў светаўтварэнне?

У сёння з учора быў шлях не прамы.

Дзе нашы вытокі? Дзе нашы карэнні?

Прырода нам маці? А мы? Хто ёй мы?

 

Эх, ціша якая! Эх, замілаванне!

У роздуме гэтым ёсць месца усім.

Тут мары лунаюць, шчыруе каханне,

Вітае жыцця несціхаючы гімн.

 

Зямлю цішыня атуляе пяшчотай,

Ні ветрык, ні гукі не кратаюць слых.

І толькі асіна трапеча лістотай

У рытме збалелых пачуццяў маіх.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.