epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Несцерка і Насрэдзін

Ішоў калісьці па беларускай зямлі чалавек, які пешшу падарожнічаў, і які відавочна не быў беларусам. Насустрач яму патрапіў таксама аматар падарожнічаць пешшу, і які відавочна быў беларусам.

— Салам Алейкум! — прывітаўся беларус з незнаёмцам.

— Прывітанне, спадар зямляк! — адказаў той, хто знешне не выглядаў беларусам. Ён жа пацікавіўся: — А адкуль ты, зямляк, ведаеш маю мову і прывітаўся са мной на ёй?

— А я,— адказаў беларус,— паважаю нашых гасцей і іх мову, таму і вітаюся на іхняй мове.— У сваю чаргу ён таксама пацікавіўся: — А чаму ты, шаноўны госць, завеш мяне земляком і адкуль ведаеш беларускую мову?

Незнаёмец адказаў:

— Дык мы ж жывем на адной Матухне-зямлі, таму ўсе з’яўляемся землякамі. А беларускую мову я ведаю таму, што паважаю зямлю, па якой падарожнічаю, і людзей, якія на ёй жывуць.

— Дык, можа, разам будзем вандраваць далей? — прапанаваў беларус.

— З задавальненнем! — адказаў незнаёмец.— Але спачатку скажы, колькі вёрстаў будзе ад гэтага месца да Бухары?

— Беларус, не вагаючыся, адказаў:

— Роўна столькі, колькі ад Бухары да гэтага месца.

— Я ведаю, хто ты! — усклікнуў незнаёмец.

— Ну, і хто я?

— Ты — Несцерка!

— А як ты здагадаўся, што я Несцерка? — здзівіўся беларус.

— Дык толькі Несцерка здольны так дакладна і з такім гумарам адказаць.

— А скажы цяпер ты, шаноўны мой спадарожнік,— спытаўся Несцерка,— колькі грошай у маёй правай кішэні і колькі ў левай?

Незнаёмец не задумваючыся, адказаў:

— У тваёй правай кішэні ў сто разоў менш, чым у левай, а ў левай кішэні — роўна столькі, колькі ў тваёй правай кішэні.

— Як гэта? — здзівіўся Несцерка.

— А так, што і ў правай тваёй кішэні, і ў левай — пуста.

— Я ведаю хто ты! — усклікнуў Несцерка!

— Ну, і хто я?

— Ты — Хаджа Насрэдзін з Бухары!

— А як ты, шаноўны Несцерка, здагадаўся, што я Насрэдзін з Бухары?

— Толькі Насрэдзін здольны, гледзячы ў вочы, бачыць наскрозь чужыя кішэні! — усміхнуўся Несцерка.

— Ну, нарэшце мы сустрэліся і пазнаёміліся! — радасна ўсклікнулі вандроўнікі і абняліся.

— А давай мы з табой, шаноўны Несцерка,— прапанаваў Насрэдзін,— у гонар нашага сяброўства, часова памяняемся вопраткамі і нашымі імёнамі. Цікава, ці будуць распазнаваць нас людзі ў такім выглядзе?

І сябры зрабілі так, як задумалі.

Прыйшлі яны вечарам у адну вёску і пастукаліся ў першую хату.

— Пусціце, калі ласка, пераначаваць, людзі добрыя! — папрасіліся Несцерка і Насрэдзін.

У той хаце жылі дзед і баба, і была з імі пяцігадовая ўнучка Алёнка.

— А вы хто будзеце? — пацікавіліся гаспадары.

— Я — Насрэдзін з Бухары,— адказаў Несцерка.

— А я — Несцерка,— адказаў Насрэдзін.— Чулі пра такіх?

— Як не чуць! — адказалі старыя.

— А ты, Алёнка, чула? — спыталіся ў дзяўчынкі спадарожнікі.

— Чула! — адказала дзяўчо.

— І што ты пра нас чула? Што ведаеш пра нас? — дапытваліся сябры.

— Ведаю, што вы вельмі разумныя,— зноў адказала Алёнка.

— А ты сябе лічыш разумнай? — не адставалі ад яе пастаяльцы.

Тут баба не вытрывала і ўторкнула сваё:

— Яна ў нас не проста разумненькая, яе жартам клічуць Шэрлакам Холмсам.

— Ого! — здзівіліся сябры.— Як бы гэта праверыць?

Тым часам гаспадары рупіліся ля печы, бо ведалі, што людзі стаміліся і прагаладаліся з дарогі.

— Калі ласка, за стол! — запрасіла гасцей гаспадыня.— Нічога такога асаблівага няма, выбачайце, але табе, шаноўны Несрэдзін, як далёкаму і дарагому госцю — прапаную талерку плову,— і яна паставіла перад пераапранутым Несцеркам плоў.— А цябе, наш знакаміты Несцерка, пачастую тваёй любімай стравай — дранікамі,— і баба паставіла перад пераапранутым Насрэдзінам дранікі са смятанай.

Госці відавочна збянтэжыліся і, падцікаўшы, калі баба адвярнулася з гаворкай да дзеда, хуценька памяняліся талеркамі.

— Ах, які смачны плоў! — смакаваў ежу пераапрануты ў Несцерку Насрэдзін.

А Несцерка, пераапрануты ў Насрэдзіна, уплятаў за дзве шчакі дранікі і смачна прыцмокваў:

— У нас, у Бухары, такой смакаты няма! Ай ды малайцы беларусы!

Тут ужо не вытрывала Алёнка:

— Не, дзядзечка, вы не Несцерка! — звярнулася яна да Насрэдзіна.— А вы — не Насрэдзін, а Несцерка! — паказала яна пальчыкам на Несцерку.

— Што ты, унучачка! — спалохаліся старыя.— Ты ж паглядзі на іх вопратку!

— А вопратка тут ні пры чым! — настойвала на сваім Алёнка.— Яны, бабуля, употай ад цябе памяняліся талеркамі. Тут і дзіцяці зразумела, што Насрэдзін любіць плоў, а Несцерка — дранікі.

Сябры ажно папярхнуліся ад смеху:

— Ну і Шэрлак Холмс! Вось дык разумненькая дзяўчынка!

— А ў Беларусі ўсе такія! — з гонарам прамовіў Несцерка.

Насрэдзін развёў рукамі:

— Тут, у Беларусі нам не дапаможа пераапрананне. Калі пяцігадовая дзяўчынка вевыла нас на чыстую ваду, што ўжо казаць пра дарослых! Паехалі, шаноўны Несцерка, да нас, ва Узбекістан, магчыма, там нас не распазнаюць у пераапранутым выглядзе.

Прыехалі яны ў Бухару і, каб ураўняць шанцы, спыталіся на шумнай вуліцы ў пяцігадовай дзяўчынкі:

— Скажы нам, калі ласка, як прайсці да гарадскога базару?

— А вы, дзядзечкі, хто будзеце? — спыталася ўзбекскае дзяўчо.

— Я — Несцерка з Беларусі,— адказаў пераапрануты Насрэдзін.

— А я — Хаджа Насрэдзін,— адказаў пераапрануты Несцерка.

— А скажыце, шаноўны Несцерка,— звярнулася дзяўчынка да таго, хто назваўся ім,— дзе будзе цэнтр зямлі?

Насрэдзін разгубіўся, зачырванеўся і не ведаў, што адказаць — не дапамагло і адзенне Несцеркі.

— Вы, дзядзечка, не Несцерка! — засмяялася дзяўчынка.— Несцерка паказаў бы любое месца: вось тут цэнтр зямлі! Не верыце — праверце сваімі крокамі. А вы, дзядзечка, не Насрэдзін, бо наш Насрэдзін ведае не толькі, дзе гарадскі базар, а ўсю Бухару, як свае пяць пальцаў. Бывайце!

— Ай ды разумная дзяўчынка! — пляснуў у далоні Несцерка.

— А ва Узбекістане ўсе такія! — з гонарам заключыў Насрэдзін.

І пайшлі сябры вандраваць далей па свеце, здзіўляючыся ад убачанага і здзіўляючы ўсіх сваім розумам.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.