epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Неспадзяванка

Пачыналася вясна. Сонейка з кожным днём пракладвала свой шлях па небе ўсё вышэй і вышэй, пяшчоціла застылую за зіму зямлю ўсё цяплей і цяплей.

Першыя праталіны, першыя пралескі, першыя матылькі — хіба ж гэта не цуд! А жаўрукі. А шпакі і буслы! Яны вярнуліся з далёкага выраю да сваіх гнёўдаў — з шчаслівым вяртаннем вас!

Іван Крылоў, кароль усіх баек, як і належыць каралю, сядзеў на сваім троне, грэўся на сонейку і звысоку паблажліва назіраў за ўсімі тымі, каму ён у розныя часы надаў у сваіх творах статут станоўчых ці адмоўных герояў.

Вакол яго трону віравалі: Варона і Ліса, Сабака і Конь, Мартышка з акулярамі на хвасце, Зязюля і Певень, Асёл і Салавей, Мядзведзь і Пчолы, Воўк і Журавель, Свіння пад Дубам. Слон і Моська, нават Багацей і Паэт...

Ды марная справа пералічваць усіх персанажаў вялікага чараўніка баечнага слова, настолькі іх тут шмат.

— Ці правільна я складаў байкі? — задаў сабе пытанне байкапісец.— Можа, кагосьці незаслужана пакрыўдзіў?

І, падумаўшы, сам сабе адказаў:

— Здаецца, правільна... Жыццё дажываю, а ніводнай скаргі ад сваіх герояў не чуў.

Раптам, сярод гэтага веснавога шчыравання жыцця, да яго вушэй дапяла ледзь чутнае стагнанне.

Крылоў азірнуўся і ўбачыў каля сваіх ног Страказу, якая дрыжала ўсім сваім зграбным целам. Перламутравыя яе крыльцы зліналі, зліпліся, яе прыгожыя вочы прыцьмянелі, тоненькія ножкі падгіналіся ад слабасці. Відаць, зіму яна перажыла з цяжкасцю.

— Што здарылася? — перапалохаўся Крылоў і асцярожна пасадзіў бедалагу на сваю цёплую далонь.

— Вы яшчэ пытаецеся, што здарылася? — дрыготкім голасам абурылася Страказа.— Праз вас я ледзь не загінула!

Крылоў здзівіўся:

— Праз мяне? Якім чынам?

— А хто напісаў: «Ты ўсё пела, гэта дзела, а цяпер вось паскачы?» Хто? З вашай ласкі мурашы выштурхнулі мяне вон. Як я толькі не загінула зімой ад холаду і голаду — сама не ведаю.

Затым з дакорам дадала:

— Спачатку трэба падумаць пра наступствы, а потым ужо пісаць!

— Вось яно што! — засмяяўся Крылоў.— Дык ты ж сама вінаватая!

Страказа страпянулася, у яе нават разліпліся крыльцы.

— У чым мая віна? У тым, што я пела і скакала? Я ж стварала добры настрой усім маім суседзям, і тым жа мурашам, вытворчасць працы якіх павялічвалася ад маіх спеваў. Калі і каму добрая песня і вясёлы настрой шкодзілі?

І ўвогуле, я — творчая натура, створаная маці-Прыродай для ўпрыгожвання жыцця! Па-вашаму, Іван Андрэевіч, усіх спевакоў і танцораў трэба залічыць у дармаеды?

Іван Крылоў відавочна стушаваўся:

— Вось дык неспадзяванка... Ты першая, ад каго я пачуў скаргу.

— Я першая?! — усхадзілася Страказа.— Я ўсе вашы байкі чытала і ведаю, што незадаволеных шмат.

— Напрыклад? — насцярожыўся Крылоў.

— А ўспомніце: «Ты вінаваты ў тым, што хочацца мне есці...» Тое ягня і рада было б паскардзіцца вам, ды ад яго няма ўжо ні рожак, ні ножак.

І ўсё — гэта вы! Вы!

А салавей?.. Вясна, а яго нідзе не чуваць. Чаму, па-вашаму?

Ён у котчыных кіпцюрах не толькі не мог спяваць. Але і не падумаў скардзіцца таму, хто, дзеля чырвонага слоўца, загнаў яго ў гэтыя кіпцюры.

А што далей сталася з чароўным пяюном, вам вядома лепш, чым каму.

Бывайце, Іван Андрэевіч!

Страказа адагрэлася пад вясеннім сонейкам на пульхнай далоні Івана Крылова, страпянулася сваімі крылцамі і растала ў ласкавым блакіце неба.

— Гм-м,— задумліва ўздыхнуў Іван Андрэевіч, затым крыкнуў наўздагон Страказе:

— У маіх баснях шмат алегарычнага, вобразнага, павучальнага! Я і не думаў нікога крыўдзіць, тым больш знішчаць. Наадварот, я папярэджваў сваіх і станоўчых, і адмоўных герояў, ратаваў іх ад непрадуманых паводзін і небяспечных крокаў.

Пачула гэта Страказа ці не, невядома, а вось тыя, хто віраваў вакол трона Крылова, шматзначна пераглянуліся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.