epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Невядома

Абрыс туманны лесу,

як міраж,

Ліецца з небасхілу

сум ружовы.

А крыху воддаль —

клёнік, нібы паж,

Які заўсёды услужыць гатовы.

 

Што тут прыдумаў вечар

За гульню?

Чым вы́клікаць

збіраецца здзіўленне?

Ён прыцемак, нібыта даланю,

Працягвае усім —

да пабачэння!

 

Сцямнела хутка —

вось і ўвесь сюрпрыз,

Хінецца да зямлі

спакой і стома.

Вунь, сіганула зорачка уніз,

Ці загадаў што вечар —

Невядома.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.