epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Неверагодная чутка

Адкуль ні вазьміся, па вёсцы папаўзла неверагодная чутка. Яна набывала моц і вырасла да ўзроўню агульнавясковага перашэптвання. А, як вядома, шэпты лёсы людскія губяць.

Вось і тутэйшыя шушуканні скаланулі вёску мацней, чым навальнічныя грымоты. Да і было ад чаго! Ці ж гэта жарт — Антось, быццам бы, пераспаў з Анютай. Што?! І самі не чакалі такой закваскі?!

Калі ж гэтай неверагоднасці зрабілася цесна ў межах перашэптванняў, яна, па законах фізікі, ці, дакладней, ланцуговай рэакцыі, выклікала эмацыянальны выбух. Людзей выштурхнула з хатаў на вуліцу, дзе яны пачалі гуртавацца і паддаваць адно аднаму жару:

— Чулі? Яму ўжо роднай жонкі мала, таму агрызку! Свая ж Параска, як ікона!

— А яна, тая цытра! Муж, дзеці, гаспадарка пад бокам! Што яшчэ трэба? Калі ўжо засвярбела, няхай бы аб вугал пачасалася!

— Ды на такіх мужыкоў маліцца трэба! Абурацца трэба тады, калі мужчына ні да жонкі, ні да суседкі!

Жаночы голас секануў:

— Да жонак вы — карантышы, да суседак — асілкі!

І панеслася, і загуло, і завіхурыла.

Тут, як на тое ліха, нос у нос сутыкнуліся Антосева пакрыўджаная «ікона» і «тая цытра».

Ніводная не хацела саступаць дарогу, тым больш навідавоку ўсёй вёскі.

Прабачце за нелітаратурныя словы, але, што было, тое было: Антосева жонка выцягнула шыю, падалася наперад і ў самы нос крыкнула сваёй крыўдзіцельніцы:

— Курва з кацялком!

І хоць у руках у Анюты ніякага кацялка не было, напад Параскі ўразіў прысутных сваёй арыгінальнасцю. Усе горача запляскалі ў далоні.

— Сама малпа на лапаце! — імгненна адбілася Анюта.

І яе словы пераканаўча трапілі ў кожнае вуха, бо вяскоўцы на сваіх рыдлёўках бачылі ўсё, акрамя малпы. Гэта ўсім спадабалася, і Анюта «сарвала апладысменты».

Магчыма, дзве, распаленыя да чырвані жанчыны перайшлі б да больш рашучых дзеянняў, даўшы волю рукам, але з натоўпу выйшаў Антось і пачаў супакойваць «апанентак»:

— Параска, астынь, не падкідвайся! Не спаў я з ёй! Не спаў!

— А адкуль такія чуткі? — не астывала жонка.— Дыму без агню не бывае! Ды і па вачах гэтай жабы бачу, што не чыста тут!

— Ты мне лепш сюды зазірні! — павярнулася задам да суперніцы Анюта.— Тут убачыш больш цікавага, чым у маіх вачах!

— Ды нікуды ты ёй не зазірай! — адцягваў жонку Антось, бо тая збіралася ўчарэпіцца ў валасы ненавіснай суседкі.

Але ёсць на свеце Бог! Ён для ўсталявання спакою і згоды падаслаў настаяцеля мясцовай царквы, айца Ануфрыя.

— Што, дзеці мае, тут за гвалт? — спыніўся ля мітынгуючых святар.— Лямантуеце, ды яшчэ ў вялікі пост. Пабойцеся Бога!

— Вось яна, гэта сучка...

— Гэта яна, аблезлая курыца...

— Ды яны абедзве... — спрабаваў штосьці тлумачыць і Антось.

— Ціха-а! — айцец Ануфрый высока ўзняў крыж, зняўшы яго з шыі.— Ціха, дзеці мае! Пры чым тут сучка і курыца? Пакінем у спакоі бязгрэшных жывёл і птушак, пяройдзем да справы.

Дзве жанчыны зноў кінуліся да святога айца, кожная са сваёй праўдай, але той спыніў іх і загадаў:

— Няхай нейтральны бок распавядзе, аб чым тут спрэчка! Наперад выйшаў калгасны брыгадзір.

— Прабачце, святы айцец, язык не паварочваецца... Як бы тут падалікатней сказаць...

— Кажы, як ёсць, сын мой,— падбадзёрыў брыгадзіра поп.

— Дык вось,— працягваў брыгадзір,— быццам, вось ён, гэты Антось, нейкім чынам заскочыў пад коўдру да яе, вось гэтай Анюты...

— Чаго? — здзівіўся айцец Ануфрый і зірнуў на Антося.— Што ты там забыўся?

— Ды пераспаў ён з ёй! — пачулася з натоўпу.— Пераспаў!

— Чаго ж пад коўдру лазяць?

— Пераспаў? — збянтэжыўся святы айцец.

— Гэта няпраўда! — горача адбіўся Антось.— Я з ёй не спаў!

— Грахаводніца!

— Адлучыць яе ад царквы! — чуліся жаночыя галасы. Пачуліся і мужчынскія парады:

— Ды адпусціце вы, святы айцец, Антосю гэты грашок! З кім не бывае!

— Можаце мяне адлучаць ад чаго хочаце! — рашуча заявіла Анюта.— Я — атэістка!

— Ведаю, што Бог табе не ўказ,— звярнуўся айцец да Анюты,— ведаю, і засмучаны гэтым, таму я табе не суддзя. А вось ты,— айцец павярнуўся да Антося,— ты набожны чалавек! Адкажы зараз, як на страшным судзе: — Пераспаў з ёй ці не?

Антось апусціў галаву і выдыхнуў:

— Не, бацюхна, не пераспаў.

— А крыж цалаваць згодзен? — грозна спытаўся айцец Ануфрый.

— Згодзен! — рашуча адказаў Антось.

— Дык вось, браты і сестры,— зычна звярнуўся да людзей святар, перад Богам і вамі даю цалаваць крыж рабу Божаму Антосю і пытаюся:

— Ці праўда, што тваё грахаўное цела пераспала з целам гэтай нехрысці? Адказвай, як на духу і цалуй крыж!

Антось узняў галаву, зірнуў на айца Ануфрыя, потым на аднавяскоўцаў і гэтак жа зычна адказаў:

— Не! Я не спаў з суседкай Анютай! Што і засведчваю цалаваннем крыжа! — пасля чаго пацалаваў крыж і перахрысціўся.

Над натоўпам, быццам ачышчальны вецер, пранёсся ўздых.

Чуткі, як кажуць, загадалі доўга жыць.

Узрадаваная Антосева жонка падышла да Анюты і з цеплынёй сказала:

— Прабач, суседачка, я там з гарачкі абазвала цябе нечым з кацялком... Гэта — не так, забудзься...

— Ды і ты на лапаце ніколі не была, гэта я здуру не стрымалася.

— Чаго па-суседску не бывае.— У адзін голас заключылі жанчыны.

Айцец Ануфрый узяў пад руку Антося і адвёў яго ў бок:

— Ты ж глядзі, сын мой, цалаванне крыжа — не жарты. Барані Бог, калі ты быў пад коўдрай у той кабеты,— атрымаецца, што ты ўвёў у зман і Бога, і ўсіх нас.

Антось зачырванеўся:

— Скажу вам па сакрэту, як на споведзі, святы айцец, што пад коўдрай у Анюты быў і не раз...

— Ды як жа ты мог нас абдурыць? — абурыўся святар.— Ты ж крыж цалаваў! Хрысціўся!

— У мяне вы пыталіся што? Ці пераспаў я з Анютай? Так?

— Ну, так...

— Я шчыра адказаў: не!

— Як жа не, калі зараз сведчыш іншае! — ускіпеў святы айцец.

— Быць з ёй быў,— тлумачыў Антось,— але ж не пераспаў! Хіба ж можна спаць з такой гарачай жанчынай? Мы з ёй усю ноч вачэй не зводзілі... а вы кажаце — пераспаў. Пераспаць мне хапае з жонкай. Так спім, ажно храп стаіць, як дышла...

— Ну, шальмец, выкруціўся! — памякчэў айцец Ануфрый, потым зірнуў у бок Анюты і шапнуў Антосю ў вуха: — З ёй сапраўды не заснеш ні на хвілінку... Я ведаю гэта, сын мой...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.