epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Незабудка

Абступіла моладзь дзеда,

Ўсе па слову — і бяседа

Паміж іх распачалася,

Пра падзеі ў нашым чáсе.

Але большасць вельмі жыва

Чуць хацела асабліва,

Як жылі-былі раней

Ці, як кажа дзед — даўней.

Ім пра паншчыну й пра пана

Дзед распавядаў старанна,

Пра калгасы, пра вайну —

Пра сівую даўніну.

Хтосьці з хлопцаў,

Як на ліха,

Запытаўся ў дзеда ціха:

— Вы з сівой далечыні,

Без сям’і і без радні...

Калі можна,

Ў чым тут справа,

Адкажыце — нам цікава.

Адказаў дзед не адразу,

Глянуў на хлапца-пралазу,

Заглыбіўся ва ўспаміны

Нібы той гусляр былінны,

Быццам ключ вышукваў годны

Ад шуфляды неабходнай.

Потым зацягнуўся дымам

І з таемным успамінам

Павярнуўся да цікаўных:

— Вось што, хлопчыкі!

Забаўных

І трагічных год нямала

Мая памяць захавала.

Я ж вам раскажу пра тое,

Што было...

Не, не са мною,

А з другім, такім, як я.

Спадзяюся, што мая

Памяць захавала штосьці

З той далёкай маладосці.

Слухайце — агучу думкі,

Гэта праўда,

Не прыдумкі.

 

*

Перад Богаўгодным святам

Ўсе — і хлопцы, і дзяўчаты,

І жанкі, і мужыкі,

Ў варажбе наб’юць аскому,

А затым, набыўшы стому,

Кладучыся спаць,

Употай,

З спадзяваннем і пяшчотай

Ў сне такое ўбачыць хочуць,

Каб пасля сканчэння ночы

Тое ўсё, у кожным лёсе

Без адкладвання збылося.

Ў ноч перад Калядамі

Сны загадваць рады мы.

 

*

Быў Якім высокі, зграбны

І душэўны, і прывабны,

Сінявокі, светла-русы,

Як і ўсе мы, беларусы.

Ён ўкладваўся ў пасцелі —

Ў цемру мары паляцелі:

«Эх, прыснілася б мне ноччу

Тая, у каторай вочы

Прыгажэй, чым зоркі ў небе

Вось такую жонку мне бы!

Каб была, як фея з казкі,

Каб зайздросцілі ёй краскі,

Каб заўсёды, дзе ні ступіць,

І ў мароз вясна наступіць

Ад дзявочае пяшчоты...

Марыў так Якім употай.

І хлапец, як, пэўна, кожны,

Агарнуўся сном трывожным.

 

*

У другой няблізкай вёсцы,

Ўпотай марылася Зосьцы

Каб у лёс яе дзявочы

Хлопец завітаў высокі,

Светла-русы, сінявокі,

І прывабны, і гарачы,

Той, каго у сне убачыць...

Мары прадсвяточныя,

Хлопцаў і дзявочыя,

Пэўна што, не без прычыны

Супадаюць нейкім чынам.

 

*

І прыснілася Якіму

(Без агню не будзе дыму)

Тая, нібы фея з казкі,

Прад якой на лузе краскі

Застываюць трапятліва,

На якую, як на дзіва,

З блакіту-бяздонніка

Пазірае сонейка.

І дзяўчына-таямніца

Сніцца...

А калі не сніцца?

А калі жывая недзе?..

Вунь яна, ідзе па снезе

У сукенцы, басанога,

Кліча, просіць дапамогі.

Але, дзе яна ступае,

Адступае снег і тае.

Ўсё-ткі ноч калядная

Й завіруха здрадная

Сёння пільна правяць балем.

І Якім з вялікім жалем

Разумее, што калі

Не дапамагчы дзяўчыне,

Стоміцца яна, загіне.

І, каб адагнаць бяду,

Крыкнуў ёй Якім: — Іду!..

Ён на ложку схамянуўся

Каб пабегчы — і прачнуўся.

«Я іду!» — гучала ў роце.

Хлопец у халодным поце

Ўстаў, зірнуў на двор з акна —

Ноч была, як дзень, віднá,

Зорачкі, як светлячкі.

«І прысніцца ж жах такі! —

Думка джаліла Якіма —

Добра, што ён пойдзе міма

І не спраўдзіць сон-каранне...»

Лёг і зноў заснуў — да рання.

*

Раніцай ляцелі з вёскі

Плач і нейкія галоскі.

Завіхурыла няспынна

Бегатня і мітусніна.

Што за гвалт святочным раннем?

І благое прадчуванне

Апякло Якіму сэрца

І нідзе яму ні дзецца

Ад жахлівых успамінаў

Калі ён сасніў дзяўчыну,

Ёй у сне не дапамог.

І Якім з апошніх ног

Хоць і быў даволі сонны,

Паімчаў, нібы шалёны

Да вяскоўцаў, што на полі

Плакалі над нейчай доляй.

Калі ён да іх падскочыў,

Жах яму зірнуў у вочы.

Тут, на снезе,

Ў полі чыстым,

Паміж гурбаў серабрыстых,

Быццам спала,

Як жывая,

Смерць знайшла дзяўчына тая,

Што Якіма ў сне гукала,

Й да яго ў начы блукала.

Ногі босыя, ў сукенцы —

Больш нічога на паненцы.

Выглядала неяк жудка

Побач з ёю незабудка,

Што прабілася з-пад снега,

Нібы сімвал абярэга.

І Якім, нібыта ў сне,

Закрычаў штосілы:

— Не!

Не павінна быць такое

Так, каб сэрца маладое,

Пражыло якое мала,

Раптам біцца перастала! —

Зноў крычаў Якім штосілы:

— Ты жыві!

Устань з магілы!

Ўстань!

Не крэслі нашы святы!

Я у гэтым вінаваты. —

Ён абняў халодны труп:

— Я прыйшоў!

Зірні!

Я тут!..

І пачуў... Ці падалося...

— Я цябе прысніла, Зося,

Абламала смерць мне крылы,

Позна ты прыйшоў, мой мілы.

Незабудачку сарві

І жыві!

Жыві!

Жыві!

Незабудкай стала я —

Я твая!

Твая!

Твая!

 

*

Закурыў стары нанова,

А ад хлопцаў — аніслова

Быццам бы знямелі ўсе.

Думка кожнага нясе

Ў час, калі няшчасце зведаў

Той, далёкі сябар дзедаў...

І хоць кожны ледзьве дыхаў,

Ачунялі ўсе паціху

Хтосьці, выдыхнуўшы цяжка,

Не паверыў:

— Гэта казка!

Пэўна, што ад сябра чулі,

Вы прабачце мне, дзядуля...

Дзед, без крыўды, без адчаю,

Адказаў:

— Я прабачаю

Вам сарказм і недавер.

А што вы скажаце цяпер! —

І, як доказу ў давес,

Ён запазуху палез,

І адтуль, з паперкі скрутку

Паказаў ўсім незабудку:

— Вось яна вам, кветка тая,

Век пражыў, яна ж жывая

Без вады...

Нібы каханне,

І ні сохне, і ні вяне.

Ўсё жыццё сваё паверце

Я нашу яе ля сэрца...

Хлопцы — кожны ледзь жывы,

Загулі:

— Дык гэта вы-ы-ы?

Ім расповед кроў марозіў...

Дзед устаў, абняў бярозу.

— А цяпер зірніце ўсе вы,

Пад якім сядзім мы дрэвам.

Тут і тлумача не трэба —

Пад бярозаю, што ў неба

Упіраецца прычоскай,

Дрэва — звязанае з Зоськай.

Тут, дзе смерць сустрэла рана,

Тут яна і пахавана.

Я тады, у памяць Зоські,

Пасадзіў вясной бярозку,

Дзе яна і векавала,

Ёй цяпер гадоў нямала.

Вось яна, адна на свеце —

І сям’я мая, і дзеці.

Тут, ля Зоські, ля бярозы,

Святы ўсе мае і слёзы.

Я памру, напэўна, хутка,

А са мной і незабудка...

Без мяне, у безгалоссі,

Згіне і магіла Зосі.

Наляціць гадоў завея

І бяроза ссірацее.

Хлопцаў зноў, як падмянілі —

Слухалі, не гаманілі

Ўсе сядзелі нерухома.

А калі пайшлі дадому,

І хоць дзень ужо змяркаўся,

Пад бярозай дзед застаўся,

Неўзабаве ноч настала,

А як сонца завітала

Й новы дзень прыход адзначыў,

Дзеда больш ніхто не бачыў.

Знік кудысьці. А куды?

Так знікаюць дні, гады,

Знікнем гэтак з часам мы

Ў нікуды, у час нямы.


2017-2018

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.