epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Незабыўная пара

Гармонік граў на ўсю акружыну

І сэрца паланіў, і слых.

Шукаў тут суджаную суджаны —

Ці маладыя маладых.

 

О, вечарыначка вясковая!

Драбнютка полечка ўразнос!

І «ночанька» заўсёды новая,

І вальс нібы на крылах нёс.

 

Дзяўчаткі, сціпласцю прывабныя,

Як кветкі ў лузе — цесна ім.

А мы, фарсістыя і зграбныя,

Ля іх махоркаю дымім.

 

Вунь — Томы, Галі, Зосі з Нінамі,

Як звыкла ў танцы іх кружыць...

Я праз паўвека успамінамі

Жыву і доўга буду жыць.

 

Найсветлая, непараўнальная

І незабыўная пара!

Юнацтва чысціня крыштальная

Згасае, як пад ноч зара.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.