epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Незалежнасць

У сильного всегда

бессильный виноват...

И. Крылов

 

Беларусь незалежная...

Словы якія!

Колькі дораць святла —

Хай бы так і было!

Мы залежым ад многіх —

Часы ўжо такія.

«Кожны сам па сабе» —

У нябыт адыйшло.

 

Пэўна, многія

Знішчылі б нас прынародна

І забыліся б нат,

Што такія былі.

Незалежнасць штодзень

Бараніць неабходна

Словам,

Справай,

Жыццём,

Каб драпежнік ніводны

Кіпцюрыста не пяўся

Да нашай зямлі.

 

Засталіся ў мінулым,

Як ганьба, ліміты.

І хоць мы ў незалежнасць

Ідзем не з нуля,

Хоць ядзім свой мы хлеб,

Мусім лезці ў крэдыты,

А крэдыты —

На шыі нашчадкаў —

Пятля.

 

Ёсць і нам чым здзівіць

Гэты свет, Божа правы,

І ад нас хтось залежыць,

Ў нас ёсць казыры.

Круг замкнуўся —

Няма аніводнай дзяржавы

Незалежнай ад іншых

У гэтым віры.

 

А ці ёсць хоць адзін

Незалежны з нас? —

Казкі!

З веку ў век

Чалавецтва складаецца з нас.

Нас бяруць у палон

Кожны дзень абавязкі,

Нас абставіны круцяць,

Валтузіць нас час.

 

І мяняецца лёс наш

Нявольна ці вольна,

Нас плануюць і клічуць,

Плануем штось мы

Ці па закліку сэрца,

Альбо пратакольна —

Вось чаму шлях жыццёвы

Ва ўсіх не прамы...

 

Ў чым яна,

Незалежнасць асобы?

Цікава!

Не знаходзім яе,

Засмучаемся зноў.

Нас псуюць і мяняюць

І грошы, і слава,

Нам бясслаўе і зайздрасць

Атручваюць кроў.

 

Промні,

Сонца святло —

А залежаць ад хмараў,

Як і здольная праўду

Запляміць мана.

Незалежнасць адно толькі —

Ў думках і марах,

Ды, нажаль,

Віртуальная ў думках яна.

 

Незалежнасць...

На нашай планеце драпежнай

Нават у «дэмакратый» —

А кроў на руках.

Вунь Амерыка,

Лічыць сябе незалежнай,

А пад фрак зазірнеш —

«Вся в долгах,

Как в шелках».

 

І глядзяць на чужое

З разяўленым ротам,

І няпрошаным госцем —

З нагамі на стол.

А затым «тамагаўкі»

Драпежна, з налёту

Незалежнасці нечай

Выкапваюць дол.

 

Вось яна, дэмакратыя,

Ўся незалежнасць —

Насмактацца бы нафты чужой

І крыві.

Дужы кволага нішчыць —

Закон, непазбежнасць,

Дужы нішчыць,

А іншым «качае» правы.

 

Тут палітыкі нечай

Крутыя замесы

І дэвіз:

«Жостка спіцца, хоць мякка сцялю!»

Тут «славутыя» нечыя

Націнтарэсы,

Што апуталі,

Як павуцінне, зямлю.

 

Інтарэсы.

Палітыка.

Прыярытэты.

Поле сеяў адзін,

А другі яго зжаў.

І няўмольна мяняецца

Карта планеты,

Незалежна

Ад экснезалежных дзяржаў.

 

Мы — залежныя ўсе —

І жыцця цэнтрабежнасць

Не адпусціць нікога

За кругі свая.

Незалежнасць?

Хутчэй — узаемназалежнасць,

Лёс далейшы Зямлі —

Наша кожнае «я».

 

Нават сонца, што свеціць

Штодзённа над намі,—

Гімн жыццю,

І жыццю ж небяспеку нясе.

Землятрусы,

Вулканы,

Тарнада,

Цунамі —

Вось «букет»,

Ад якога залежныя ўсе.

 

О, каб людзі маглі

Параскінуць мазгамі

І узяцца за рукі —

Ўсвядоміць хоць раз:

Мы — залежныя ўсе,

Толькі «мы» паміж намі,

Толькі «нас» неабходна

Любіць паміж нас.

 

Вось тады адамрэ

І мысленне старое,

І на ім голуб міру

Гняздзечка саўе.

Вось тады мы ачысцім

Планету ад зброі,

Незалежнымі зробімся

Ўсе ад яе...

 

Беларусь суверэнная...

Словы-праменні!

Мы на гэтыя словы

Ўсе маем правы.

Не паставіць цябе,

Беларусь, на калені

Пакуль ёсць хоць адзін

З беларусаў жывы!


2012

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.