epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Незнаёмы матыў

Разрывае душу незнаёмая песня —

Ці дажынкі жыцця, ці дасеўкі надзей,

Ці галёканне ночы, ці ранку прадвессе,

Ці няспетае штосьці аджыўшых людзей?

 

Незнаёмы матыў, як агністая лава,

Скрозь гады прабіваўся з душы глыбіні.

І апальвае сэрца, і лашчыць ласкава,

І пяшчоціць, і зноўку трымае ў агні.

 

Быццам хтосьці спявае і плача надрыўна,

Каб жыцця некранутыя струны крануць.

Пэўна, полымя гэтай мелодыі дзіўнай

Не дазволіць душы прыжыццёва заснуць.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.