epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Незвычайная знаходка

У гарадской мітусні, дзе, месцамі, між людзьмі не прапіхнуцца, лёгка што-небудзь згубіць, але з такой жа лёгкасцю можна што-небудзь, нейкім згубленае і знайсці. Таму — губляюць і знаходзяць, знаходзяць і... не, не губляюць, а нясуць у бюро знаходак. У такой кругаверці, згубленае даволі хутка праз згаданае бюро знаходак, вяртаецца да свайго гаспадара ці гаспадыні, бо хто ж паквапіцца на чужое?

Адным такім мітуслівым днём, Кастусь падняў штосьці некім згубленае. Ды настолькі гэта штосьці было незвычайнае і ніколі раней Кастусём не бачанае, што хлопец хацеў спачатку кінуць сваю знаходку зноў на зямлю, але ўспомніў пра знакамітае бюро знаходак і накіраваўся туды.

Загадчыкам таго бюро быў старэнькі дзед, які пражыў на гэтым свеце... ён і сам не ведаў колькі яму гадоў, настолькі даўно ён нарадзіўся. А чалавек, вядома ж, чым больш жыве, тым больш усяго ведае і нават слыве мудрацом. Вось за такія яго якасці, дзеда трымалі загадчыкам бюро знаходак ажно... ніхто ўжо і не памятае, колькі год узначальваў стары бюро.

Да гэтага паважанага і мудрага чалавека і звярнуўся збянтэжаны Кастусь.

Звярнуцца да старога было зноў жа зусім няпроста, бо ні свайго прозвішча, ні свайго імя дзед не памятаў, таму Кастусь пачаў так:

— Шаноўны дзядуля! Вось што собіла мне знайсці ў тлумным натоўпе. Знайсці знайшоў, а што, не ведаю. Каму ні паказваў, усе круцяць галовамі, як тыя совы — кажуць не ведаем і капцы тут. Занадта ж мудрагелістае штосьці — вось зірніце самі, шаноўны дзядуля.

Стары ўзяў ў Кастуся знаходку, пакруціў яе каля сваіх, ледзь бачных пад махнатымі брывамі вачэй, і адразу ж вярнуў яе Кастусю.

— Не, сынок, гэта я прыняць не магу! Прымаю ўсё, што толькі знаходзяць, а гэта не вазьму.

Кастусь здзівіўся:

— Чаму, дзядуля? Нехта ж будзе шукаць згубу.

Дзед рашуча зноў запярэчыў:

— Той, хто гэта згубіў, ніколі не сазнаецца, што менавіта ён згубіў. А паколькі ніхто не сазнаецца, што гэта згублена ім, значыць твая знаходка будзе ў маім бюро ляжаць незапатрабаванай вечна.

Кастусь занепакоіўся:

— А што гэта? І што мне рабіць з гэтым?

— Што гэта? — перапытаў дзед,— Гэта, сынок, сумленне. Хтосьці яго згубіў. Вось... А дзе ты калі бачыў ці чуў, каб чалавек, згубіўшы сваё сумленне, сазнаўся ў гэтым? Будзе да канца свайго жыцця рабіць выгляд, што нічога не губляў, нават рот не раскрые і не скажа «а», не кажучы пра «я».

А што табе рабіць з ім? — дзед паціснуў плячыма.— Дакладна параіць нічога не магу. Ідзі, шукай, распытвай, ды назірай, магчыма, табе пашанцуе знайсці гаспадара гэтага сумлення. Хаця...

І падаўся Кастусь ад бюро знаходак няведама куды, хаця трымаў у руках ужо ведама што.

Бачыць, на плошчы гамоніць нейкі мітынг, людзей сабралася шмат, слухаюць выступоўца.

— Што тут адбываецца? — спытаўся Кастусь у нейкага мужчыны.

— А зараз жа праходзіць перадвыбарчая кампанія,— адказвае той,— вось слухаем аднаго з кандыдатаў у дэпутаты.

Кастусь наблізіўся да выступоўцы і пачуў:

— Я абяцаю вам заробак, як у Амерыцы! Выбірайце мяне і я абяцаю кожнаму з вас па кватэры. Калі ў каго ёсць кот ці сабака, і ў іх будзе па асобнаму пакою. Плату за камунальныя паслугі адмяню, усім пенсіянерам бясплатна ўстаўлю зубы. Нават залатыя.

Кастусь кінуўся на трыбуну да выступоўца.

— Нарэшце я вас адшукаў! Вось тое, што вы згубілі і што павінна належыць вам! Вазьміце!

Выступовец кісла скрывіўся:

— Гэта не маё! Я нічога не губляў... Дзе ахова? Адганіце ад трыбуны гэтага нахабніка, перашкаджае мне выкладаць праграму.

Кастуся адштурхнулі ад трыбуны і ён падаўся далей.

Бачыць, ля пад’езду аднаго дома стаіць сярэдніх год мужчына з пакамечаным тварам, а побач з ім старая жанчына, аб нечым размаўляюць.

Прыслухаўся Кастусь і чуе:

— Мама, ты ж атрымала пенсію,— кажа той пакамечаны мужчына,— дай хоць трохі грошай.

Старая адказвае:

— Сынок, ад пенсіі мала што засталося. Да наступнай пенсіі далёка, а мне ж на хлеб трэба.

Потым старая пытаецца:

— А навошта табе, сынок, грошы?

— Захварэў я, мама, трэба купіць лекі, а яны цяпер такія дарагія.

Старая пакорпалася ў сумачцы і падала сыну грошы.

— На, сынок. На лекі аддаю апошнія, толькі не хварэй ды лячыся.

«Што значыць мацярынскае сэрца! — з цеплынёй падумаў Кастусь,— Сама галадаць будзе, а сына ратуе».

Якое ж было яго здзіўленне, калі «хворы» бадзёра пакрочыў перад ім і за вуглом крутнуў у краму з гідкай назвай «Гарэлка-віно». Праз хвіліну шчаслівы паказаўся ў дзвярах з дзвюма бутэлькамі спіртнога.

Кастусь зразумеў, у чым тут справа, і спрытна падыйшоў да незнаёмца.

— Як вам не сорамна! — усклікнуў ён,— У старой маці забралі апошнія грошы на такія вось «лекі»!

«Хворы» злосна гыркнуў:

— А табе што за справа? Каціся адсюль!

— Мая справа ў тым,— адказаў Кастусь, — што вы нешта згубілі, а я знайшоў і хачу вам аддаць.

— Ого! — сквапна засвяціліся вочы незнаёмца.— Калі што цэннае, дык аддавайце.

Кастусь працягнуў сквапніку сваю знаходку і горача дадаў:

— Вось! Больш цэннага не бывае! Бярыце і надалей не губляйце.

Незнаёмец уважліва агледзеў прапануемую яму знаходку і скрывіўся горш, чым ад гарэлкі.

— Гэта! Ды такая «цэннасць» мне і задарма не патрэбна. І з чаго ты ўзяў, што гэта мая згуба? Такога дабра ў мяне свайго хапае. Бывай!

Зноў Кастусь застаўся з сваёй знаходкай, гаспадара якой, як казаў стары, амаль немагчыма будзе знайсці.

Што і казаць, мудры дзед з бюро знаходак, як у ваду глядзеў. Стаптаў Кастусь не адну пару абутку, прапаноўваў сваю знаходку розным людзям, магчыма, і не губляўшым свайго сумлення і застаўся ні з чым. Дакладней, застаўся з тым, з чаго і пачыналася гэта казка.

Туляўся ён туляўся, і неўпрыкмет выйшаў за горад.

Бачыць, скубе траўку запрэжаны конь, і тут жа, ля дарогі сядзіць і курыць, засмучаны нечым гаспадар гэтага каня. Ды настолькі ён быў заглыблены ў сваю засмучанасць, што, калі Кастусь прывітаўся, незнаёмец ад нечаканасці аж здрыгануўся.

— Што вы, дзядзечка, такі пахмурны? — спытаўся Кастусь,— Дзень вунь які сонечны, а вы, як хмара чорная.

Мужчына зацягнуўся дымам і выдыхнуў:

— Як тут не быць навальнічнай хмарай?.. Жыццё пражыў сумленна і раптам, на табе...

Было відаць, што чалавеку балюча і цяжка, а, галоўнае, непрыемна пра штосьці сваё распавядаць.

Кастусь далікатна перапытаў:

— Ды што ўсё ж адбылося? Я разумею, што для вас я чалавек незнаёмы... і лезці да вас у душу не хачу, але, каб мог, з радасцю аблегчыў бы яе. Прабачце, калі ласка...

І Кастусь памкнуўся ісці далей, але незнаёмец спыніў яго.

— Пастой, хлопча!.. Паслухай. Ездзіў я на коніку ў горад, прадаць сёе-тое на базары. Сам ведаеш, што можа вясковец прадаць у горадзе — яйкі, сальца, малачко. Вось я гэта ўсё і прадаў.

Кастусь горача ўсклікнуў:

— Дык што ж благое вы зрабілі?! І вам добра, і людзі вам удзячныя. Не разумею, што вас непакоіць.

Вясковец абурана ўздыхнуў:

— Мне добра, а людзям?.. Ды якое тут — мне добра! Мне крыўдна за людзей, мне брыдка за сябе. Я, ведаеш, хлопча, у бітон з малаком, каб больш утаргаваць, дадаў вады. Што на мяне найшло-наехала? Прыбытку — на капейчыну, а брыдоты — на ўсё астатняе жыццё. Яйкі былі свежанькія, сальца — смачненькае, а малако... Цьфу! Як мне жыць далей? Пра такіх, хлопча, як я, кажуць — чалавек, згубіўшы сумленне.

Кастусь ажно засвяціўся і ледзь не крыкнуў: «Вось яно! Я яго знайшоў, ваша сумленне!» — але своечасова прыкусіў язык. Не, гэты чалавек сумленне не згубіў. Ён крыху адхінуўся ад яго, на нейкі час забыўся на яго, але працягвае жыць з ім. Сам не разумее, наколькі яно, яго сумленне, больш моцна, больш чыста і шчыра загучала у ім.

Кастусь усклікнуў:

— Не, дзядзечка! Сумленне вы не згубілі! Гэты выпадак з малаком — гэта выпрабаванне, якое пайшло на карысць вам, якое яскрава паказала вам, наколькі небяспечна адхінуцца ад свайго сумлення нават на хвілінку. Вы, дзядзечка, гэта выпрабаванне вытрымалі і няхай яно будзе нашай з вамі тайнай. Зірніце, які сёння сонечны дзень! Бывайце!

І Кастусь пакрочыў далей.

На шчасце, людзей, якія не згубілі сваё сумленне, пераважная большасць. І калі Кастусю пашчасціць усё ж знайсці гаспадара згубленага сумлення, сумленных людзей стане яшчэ больш.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.