epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Незвычайнае адпяванне

Памерла ў Трахіма жонка. І хоць веку яна была немаладога, засумаваў гаспадар — адзін застаўся.

Каб хоць неяк аблегчыць душу і апошні раз дагадзіць жонцы, вырашыў Трахім перад апошнімі праводзінамі заказаць у царкве адпяванне нябожчыцы. Як кажуць: трэба — не трэба, а душа просіцца на неба.

Назаўтра, як і было дамоўлена, у Трахімавай хаце з’явіўся айцец Кірыла з неабходнымі для адпявання прычындаламі — кадзілам і Святым Пісаннем. Святар праціснуўся праз натоўп людзей да дамавіны і ад здзіўлення раскрыў рот:

— Сын мой,— звярнуўся ён да Трахіма,— а чаму новапрастаўленая ляжыць на баку, а не на спіне, як і належыць пачыць хрысціянцы? Што гэта за дзіва?

Трахім, відаць, тлумачыў гэта не аднаму чалавеку, таму спраўна адказаў:

— Дык яна, святы айцец, лежачы на спіне храпіць. Ды так дае ў дзве дзіркі, што ажно сцены патрэскваюць. Я, па праўдзе кажучы, за ўсё жыццё з ёю ні разу па-людску не выспаўся. Во зірніце на мае вочы! Чырвоныя, як у таго ката на сакавіцкай страсе.

Айцец Кірыла торкнуў крыжам у бок дамавіны:

— Яна ж памерла! Яна ж...

Трахім перахапіў гаворку:

— І я хутка памру, таму і на бок яе паклаў. Я хачу хоць там спакойна выспацца. Разумееце?

— Тут няма чаго разумець! — ускіпеў святар.— Чалавек памёр — і ўсё! Нябожчыкі не храпяць! Я адпяваць вашу жонку ў такой позе не буду. Кладзіце яе на лапаткі.

— А адкуль вам вядома, што нябожчыкі не храпяць? Вы ж там не былі! — зноў жа спраўна адрэагаваў гаспадар хаты.

— Дык гэта і дурню зразумела! — стаяў на сваім святар.— Ды там чарната, пустата, прах! Спарахнеласць!

— А я вам кажу, што яна будзе на тым свеце храпець! — ціснуў на сваё Трахім.— І не толькі кажу, але і дакажу!

— Ха-ха-ха! — зарагатаў айцец Кірыла і спахапіўся: — Прабач, Божа, не стрымаўся. Але ж тут такое гародзяць, што і перад нябожчыкам смех бярэ.

— Дык вось, людзі добрыя,— звярнуўся Трахім да прысутных,— нас у царкве увесь час запэўнівалі, што пасля зямнога жыцця надыдзе другое, яшчэ лепшае. Вечнае жыццё! І вучылі нас вы, святы айцец. А паколькі надыдзе другое жыццё — у ім будзе ўсё, як у жыцці гэтым. Дык адкажыце нам, айцец Кірыла, ёсць другое жыццё ці гэта — мана? Ці там толькі пустата і прах?

Святар залыпаў вачыма, відавочна спалохаўся:

— Якая мана, дзеці мае! Ёсць... будзе другое жыццё пасля зямнога. Будзе вечная благадаць!

Трахім падскочыў да айца Кірылы:

— А паколькі ўсё ж ёсць другое жыццё, значыцца і ў тым жыцці будзе храп. А я не жадаю, каб у маім другім, вечным жыцці мне вечна храпелі ў самае вуха. Не жа-да-ю! Адпявайце жонку, бо хутка трэба выносіць яе.

— Што з табой зробіш, сын мой... Можа і твая праўда,— прамармытаў святар і пачаў адпяваць нябожчыцу, якая ляжала на баку і сапраўды пакуль не храпела.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.