epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Незвычайны кухар

Мы, людзі, думаем, што толькі мы здольныя размаўляць. Гэта не так. Размаўляюць усе — і кветкі, і аблокі, і птушкі,і звяры, і дрэвы, і матылькі.

Усе на зямлі вакол нас зносяцца між сабой на сваёй, толькі ім вядомай, мове.

Магчыма, каб мы слухалі расліннае і жывёльнае асяроддзе сэрцам, шмат цікавага пачулі б. А паколькі мы слухаем вушамі, да нашага слыху далятаюць розныя, малазразумелыя нам гукі. Гэта і шум дрэў, і рыканне кароў, і посвіст ветру, і сабачы брэх, і шмат самых розных гукаў. Што ўтойваюць яны, гэтыя гукі, нам мала цікава.

А вось якую цікавую гісторыю распавёў мне адзін звычайны кухар. Ой, што я кажу — звычайны! Ён зусім незвычайны, паколькі сваім сэрцам падслухаў гаворку... Чыю б вы думалі? Не ламайце дарэмна галавы — не здагадаецеся.

Першым пачаў выхваляцца фасолевы суп:

— Я вельмі смачны і карысны. Апошнім часам мяне так рэдка гатуюць, што ледзь толькі маё імя з’яўляецца ў меню, я нарасхоп. Я — галоўны!

Гаворку перахапіла духмянае падсмажанае сала:

— Без мяне на стале сум, а ў жываце чалавека галодны тлум. Я — самае галоўнае для чалавека!

— Ды ў параўнанні з намі, ты — нішто! — фанабэрыста заявілі круглабокія сакаўныя катлеты.— І ты, і той фасолевы суп — адна толькі назва. На стале мы — незаменныя. Вось хто галоўны, а не вы, самазванцы!

— Ха-ха-ха! — зарагатаў халаднік з буракоў.— Я — чырвоненькі, халодненькі, ды яшчэ са смятанкай, ды з зялёнай цыбулькай! Зірнеш на мяне і ва ўсіх слінкі цякуць. Каму вы ўсе патрэбныя ў спякоту? Я — галоўны!

— Ды вы ўсе шэрасць у параўнанні са мной! — выказаў свой гонар, дастаны з пылу, з жару ружовабока падпалены шашлык.— Дзе вы бачылі пікнік альбо дачныя адпачынкі з нейкім там фасолевым супам, ды і з усімі вамі? Смех ды і толькі! А вось я, з памідорчыкам, ды з салатай, ды пад кетчупчыкам — пальчыкі абсмокчаш! Я не толькі галоўны, а самы найгалоўнейшы!

— Не надта ты тут выхваляйся! — не без падстаў запярэчыла халодная адвараная цяляціна.— Я, тоненька нарэзаная, ды прыгожа выкладзеная на талерцы, а побач са мной, запраўлены бураковым сокам, цёрты хрэнчык,— чым не смакаўны цуд! Нават гледзячы на мяне, можна язык палыкнуць. Упэўнена, што галоўная ўсё ж я!..

Кухар, які за ўсім назіраў і слухаў, схаваўшыся за прыадчыненымі дзвярамі, вырашыў паказаць, прыгатаваным яго рукамі, гэтым хвалькам, хто ж галоўны.

Ён увайшоў на кухню і спрэчкі разнастайнай смакаты адразу сціхлі.

У сталовую залу, дзе сядзелі наведвальнікі, кухар пачаў выносіць па чарзе — фасолевы суп, падсмажанае сала, катлеты, і ўсё астатняе. Сам жа хуценька выйшаў.

Усе па-майстэрску прыгатаваныя і, безумоўна, вельмі смачныя страўныя блюда, напружана чакалі, каго ж наведвальнікі сталоўкі пачнуць больш за ўсіх хваліць, і каго назавуць галоўным.

Але ніхто не пачынаў есці. Усе чагосьці чакалі.

Кухаравы вырабы захваляваліся — у чым справа? Чаму да іх не дакранаюцца? Няўжо яны нясмачныя і спрачаліся між сабой дарэмна?

Нарэшце з-за сталоў пачулася:

— Гэй, кухар! А дзе хлеб? Хіба ж без хлеба можна есці? Ты забыўся, што хлеб — усяму галава?

Вось тут усе, хто адзін перад адным выхваляўся — нават апетытны шашлык, зразумелі, хто самы галоўны на стале для чалавека.

Дзякуючы незвычайнаму кухару і мы з вамі ведаем гэта.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.