epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нёман

І век назад, і два, і сёння

Ты цешыш і яднаеш нас...

Усе мы — дзеці прынямоння,

Хто бачыў плынь тваю хоць раз.

 

Праз лёс Радзімы шматпакутны,

Праз кожны асабісты лёс,

Цячэш ты велічны, магутны,

Пад небам мар, надзей і слёз.

 

Якая моц, якая вера

Імкне цябе за далягляд?

Ты не спыніўся, ты — наперад,

Хоць час насустрач, час — назад.

 

Адзіны лёс у нас навекі,

І Беларусь — адзіны дом.

Удалеч клічуць, вабяць рэкі,

Цякуць, бруяць і пад ільдом.

 

Так ёсць і будзе ва ўсім свеце:

Надзеі плынь не спыніць час!..

Усе мы — прынямоння дзеці,

Будзі, згуртоўвай, Нёман, нас!


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.