epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ноч-апоўнач

Ноч-апоўнач. Сяджу ля каміну,

Наліваю ў кілішак, грашу.

Адагналі мой сон успаміны,

Расштурхалі балюча душу.

 

Шторм жыцця паматляў лёсу човен,

Час скапыціў маіх вараных.

Што казаць? Я — у полі не воін,

Бо адзін між млыноў ветраных.

 

Кроў не ўспеніцца хмельным загулам,

Свісту крыл не пачуць за спіной.

Рань ружовая — недзе ў мінулым,

Хмара чорная — перада мной.

 

Штосьці згінула, штосьці дагіне —

Пульс адчайна марзяніць у скронь.

А пасцель халадзее і стыне,

І згасае ў каміне агонь...


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.