epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Новыя беларусы»

«Новыя беларусы» —

нешта небеларускае:

Сала не любяць з цыбуляй —

iм падавай крэветкi,

Бульбу ў лушпiнах не вараць —

«мыла» ядуць — бананы.

Каню пад хвост не глядзелi —

затое на «мерсах» гойсаюць.

За «дзякуй» не дапамогуць —

крый Бог,— за долар задушацца...

Добра ўсё гэта, сучасна.

Ешце крэветкi з бананамi,

За працу бярыце грошы,

фарсiце ў шыкоўных машынах.

Але... назавiце мне зараз

вашу Радзiму адзiную...

Цiха... Не чую адказу.

Скажыце тады, калi ласка,

Хоць слова па-беларуску...

Зноў не пачуў я нi гуку...

«Новыя беларусы», дзе беларускасць ваша?


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.