epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ну яго з Парнасам!

Што сёння раніцай зраблю найперш? —

У думках сам з сабой вяду бяседу.—

Заместа снедання складу лірычны верш,

А потым верш складу замест абеду.

 

А што з вячэрай? Дам і ёй адбой.

Не да яды — займуся творчай справай.

Такі вось суд наладжу над сабой,

І буду жыць адной духоўнай стравай.

 

А ноччу ўсім паэтам не да сну —

І мы ўсю ноч не будзем спаць з Пегасам.

А ранкам... ранкам «ногі працягну».

Няўжо памру? О-о! Ну яго з Парнасам!

 

Не, раніцай насмажу сала я,

Абедаць буду і вячэраць потым.

Хай байкамі сілкуюць салаўя,

Але і ён галодны згубіць ноты.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.