epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нырок

Быў Яўсей, як дзьмухавец,

Дрынгалясты, тонкі.

А ў вадзе — як селядзец:

Адставаў любы плывец

З ім наперагонкі.

 

Кажуць — здольны Бог караць,

Да ўсяго не ладзься!

Не умеў Яўсей ныраць,

Хоць вазьмі расплачся.

 

А яму ажно карціць,

Даць нырца ахвота,

Бо на беразе фарсіць

Маладняк-блазнота.

 

Разганяюцца — і боўць

У ваду з абрыва.

У Яўсея нават жоўць

Зашчымела хціва.

 

Ды й хлапцы свае насы

Ткнуць усюль, рагочуць:

— Ты, Яўсей,

Трымай трусы,

Як у рэчку скочыш!

 

Тут Яўсей, як тонкі нож,

Разануў па ветры —

Мільгануў трусамі-клёш

У блакіт-паветры.

 

Ды, відаць, слабы штуршок

Падпсаваў карціну,

Бо Яўсей, як той мяшок —

Галавой у ціну.

 

Гэта — горш, чым горкі сон:

Ціна ў роце, ў носе.

Неяк выблытаўся ён

Ды як загалосе!

 

— Зуб згубіў! Сюды, браты!

Хлопчыкі, нырайце!

Бедны зуб мой — залаты!

Ой, браткі, шукайце!

 

Нацягалі ціны стог,

Як для кроснаў пражы,

Ды ніхто знайсці не змог

Цэннае прапажы.

 

Раптам — горай усяго,

Пачаліся кпіны:

— Мусіць, ты глынуў яго,

Як наеўся ціны?

 

— Ты б, Яўсей, замест нырцоў

Плыў наперагонкі —

Не згубіў бы без канцоў

Залатой каронкі.

 

Тут знайшоўся і «знаток» —

Хлопец скалазубы:

— Ты трымай, Яўсей-браток,

Не трусы, а зубы!


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.