epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

О горад!

О горад!

Як вулкан, непрадказальны.

На небе сонца,

між дамамі цень.

Твой кожны кут —

у мітусні вакзальнай,

Твой кожны дзень —

нібы апошні дзень.

 

Выходзіш з дому,

а ці прыйдзеш зноўку?

Даеш у чэрствасць

з жорсткасцю нырца.

Падобны год жыцця

На стометроўку,

Гадзіна ў чэргах —

кáра без канца.

 

І нават ноч —

нярадасны гасцінец,

За вокнамі —

машын сірэны, крык.

Ідуць гады,

ты — гораду чужынец,

Не родны й ён,

хоць да яго прывык.

 

О горад!

Сябраваць з табой —

Прынука!

І хоць у вёсцы

ўсе мае тылы,

А разбярэшся —

вось якая штука,

І ў горадзе —

Жыцця майго вузлы.

 

Каб развязаць мне іх,

не хопіць часу,

Патрачу хоць

апошнія гады.

Перапляліся

Пуцявіны нашы

Ў адным напрамку,

пэўна, назаўжды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.