epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ода жанчыне

Дзякуй мудрасці Бога, што ёсць

Тое, жыць без чаго немагчыма,

З прыгажосцяў усіх прыгажосць,

Упрыгожанне свету — жанчына!

 

Неаднойчы мяняла мой лёс —

То да пекла вяла, то да раю,

Узнімала мяне да нябёс,

Апускала у бездань адчаю.

 

То стварала для сэрца вясну,

То ў душу насылала пакуты...

Што ж, я зведаў і крылам цану,

І адведаў чароўныя путы.

 

Разбурыў я ў мінулае мост,

Ёсць для гэтага ў сэрцы прычына:

Забываю з табой пра узрост,

Прыгажуня, каханка, жанчына.

 

У абдымках тваіх адтаю

І згараю, як ты і хацела.

Без астатку табе аддаю

І душу трапяткую, і цела.

 

Зноў у неба і бездань лячу

І шкадую, што шчасце — імгненне.

Потым з новаю сілай хачу

Хваляванняў, пакутаў, натхнення.

 

Прагна погляд твой цёплы лаўлю

І сустрэчы з табою шукаю.

Я каханнем цябе бласлаўлю!

І грахі твае ўсе — адпускаю!


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.