epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Па Даўгінаўскім гасцінцы»

«Па Даўгінаўскім гасцінцы» —

Я чытаю у Купалы...

Я на кожнай тут вярсцінцы

Драў падэшвы —

хлопча мáлы.

Як жа мне

ўсё тут знаёма —

І Здарэння непралаз,

І хады няблізкай стома,

І заплечны груз штораз.

 

Па слядах Купалы крочыў

На пятнаццаць год пазней.

Ў дождж,

У спёку,

Днём

І ўночы,

Шмат гадоў і безліч дней.

 

У Карпілаўцы, бывала,

Дзе і жыў Ядвігін Ш.,

Часцяком гасціў Купала —

Зналася з душой душа.

 

Знакамітыя прысады...

Джгаў між імі

я не раз.

Хтосьці знішчыў без ашчады

Гэта дзіва...

Можа, й час.

 

Векапомны шлях той годны

Паўз малой радзімы лёт,

У Карпілаўцы дзе роднай

Й нарадзіцца даў мне Бог.

 

Я і сёння

ў вёску еду,

Шлях Даўгінаўскі —

шаша.

Чую, як вядзе бяседу

З песняром Ядвігін Ш.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.