epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Па моры часу

Па моры часу

праплывае кожны

Сваёй,

Пакуль нязведанай дарогай.

Хто з поўнаю душою,

хто — парожні,

Хто сам,

А хтосьці з нечай дапамогай.

 

О мора часу,

без канца, без краю,

Гудуць выпрабаванняў хвалі

Пенна.

Пад ветразем

Надзеі ці адчаю,

Ў адным напрамку

мы плывём нязменна.

 

Адзначыць час не ўсіх

вышэйшай пробай —

Палохалі ўсіх

водныя арэлі,

Пакутваў хтосьці

ад марской хваробы,

Кагосьці сустракалі

рыфы, мелі.

 

Вятры зласліва

ўсебакова дзьмулі,

Студзілі зімы,

Апякалі леты.

А колькіх хвалі лёсу

Паглынулі,

Шматлікіх тых,

хто не даплыў да мэты.

 

Камусьці —

Даставаўся лёс-пакутнік,

Хтось іншых ратаваў,

Нібыта Ной.

У кожнага —

Бермудскі свой трохкутнік,

У кожнага

дзявяты вал быў свой.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.