epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Па парку прамінэ

Іду па парку са сваёй «мадамай»,

Насустрач — пары, кожны ж малады.

Як і ў мяне з мамзель, у іх таксама

Паволі прамінэ — туды, сюды.

 

Прывычна і зусім не дзіўна гэта,

Другое дзіўна — бы ў камічным сне:

З сустрэчнай пары кожная кабета,

Хоць свой «Рамэо» ёсць, аднак «Джульета»

Цішком вачмі страляе на мяне.

 

Ды каб я быў, напрыклад, вельмі кідкі,

Няхай сабе, як Апалон — і ўсё ж,

Вачмі стралянне — гэта ўчынак брыдкі,

Ў спіну нібыта кавалеру нож.

 

І я спыніў адну такую пару,

Узняўшы абурэнне на ўвесь рост,

І кавалеру раззлавана шпару:

— Прыцісні ты сваёй паненцы хвост!

 

І хоць яна з табóй насустрач крочыць,

Але ж не ты, браток, ёй у цане,

Яна употай касавурыць вочы,

Каб ты не бачыў толькі — на мяне.

 

Вучыся у маёй, такіх нямнога,

Яна не здрадзіць брыдкаю маной.

Яна вакол не бачыць анікога,

Калі ступае пад руку са мной.

 

— Ха-ха! — зарагатаў хлапец нясціпла,—

Ідзі па халадку ты прэч хутчэй!

Гэта твая, што да цябе прыліпла,

Ўвесь час з мяне не зводзіла вачэй.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.