epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Па шляхах «баявой славы»

Не спалася дзеду Ігнату. Пракручваў у памяці ўсё сваё жыццё, быццам падводзіў вынік доўгіх дзесяцігоддзяў, дзе было ўсякае — і чорнае, і белае.

Неяк раніцай кажа дзед сваёй жонцы:

— Збяры ты мне што ў дарогу хоць на адзін зуб — заседзеўся я дома!

— Што яшчэ за дарога? — насцярожылася жонка.

Дзед Ігнат загадкава працягвае:

— Ваўка і таго цягне пад канец жыцця да сваіх колішніх логаваў.

— А цябе куды пацягнула ў твае гады? Хіба ж тваё логава не тут?

Дзед тлумачыць:

— Надумаў я, бабка, прайсціся па шляхах баявой славы, па сцяжынах маладосці! Былое не пакідае мяне!

— Ты што, ажно да Берліна пойдзеш? — напужалася старая.

— Не, да Берліна я ўжо не хадок, а вось іншыя шляхі-пуцявіны праведаць трэба...

І дзед Ігнат, насуперак жончыным забаронам, падаўся з хаты шукаць сустрэчы з маладосцю. Выйшаў ён за вёску і спыніўся, як той віцязь на скрыжаванні — адкуль пачаць?

— Пайду спачатку ў вёску Загулінку! — вырашыў дзед Ігнат.— Здаецца, там жыве маё першае каханне — Любіначка! Колькі ж гэта ўжо адлістала жыццё? О-о! Гадкоў шэсцьдзесят мінула пасля ўсяго таго... Ці пазнае? Ці прывітае?.. Што б там ні было, а пабачыцца нам перад смерцю не пашкодзіць...

І вось праз нейкі час дзед Ігнат прыплёўся ў Загулінку. Доўга дапытваўся ў вяскоўцаў, дзе жыве Любіна, як дзед ім тлумачыў, курносенькая ды сінявочанькая, прыгожанькая ды шчабятлівенькая. Нарэшце дзедаў язык прывёў яго да хаты, у якой, як сказалі вяскоўцы, і жыве тая, каго шукае стары.

Дзедава сэрца ледзь не выскоквала з грудзей, калі ён, ступіўшы на ганак, пастукаў у запаветныя дзверы.

На стук з хаты выйшла прыгожая дзяўчына і спыталася:

— Вам каго, дзядуля?

Дзед Ігнат ад хвалявання не мог крануць языком.

Дзяўчына гукнула ў хату праз адчыненыя дзверы:

— Мама, бабуля, тут нейкі дзед з торбай, відаць, жабрак! Што яму даць?

Да дзяўчыны на ганак выйшла згорбленая, сівая баба з кійком у руцэ.

— Што, чалавеча, шукаеш? — спыталася яна ў дзеда Ігната.

Стары апрытомнеў і сам спытаўся:

— Ці магу я пабачыць Любіну... сінявочанькую ды курносенькую?

— У нас такіх няма, чалавеча! — адказала баба.— Маё то імя Любіна, але астатняга, што назваў, чалавеча, у нас няма.

Тут дзед Ігнат, як кажуць, спусціўся з неба на зямлю і скумекаў, што гэты гарбаты нос старой бабы, магчыма, быў калісьці курносым, а выцвілыя вочы маглі быць у маладосці блакітнымі.

— А вы, Любіна... прабачце, а ты не тая Любіна, якая колісь перабірала пальцамі завіткі кучаравай чупрыны чарнявага Ігната і клялася помніць яго да самай смерці? — перапытаў дзед іначай.

Згорбленая старая ўважліва агледзела дзедаву лысіну, потым пільна зазірнула незнаёмцу ў вочы і шэптам спыталася:

— Ты-ы?

Дзяўчына, якая першая сустрэла дзеда, з цікавасцю за ўсім назірала.

— Ты Ігнат? — паўтарыла пытанне баба.— Той самы чарнявы Ігнат?

— Я! Гэта я, Любіначка! — узрадаваўся дзед.— Пазнала! Прызнала, золатка!

— Унучачка, гэта ён! — звярнулася яна да дзяўчыны, потым гукнула ў хату: — Сынок! Ідзі сюды хутчэй!

З хаты выйшаў «сынок» — даволі сталы мужчына, прывітаўся з дзедам і спытаўся:

— Што, мама, тут такое?

— Вось,— паказала старая на дзеда Ігната,— вось ён, кучаравенькі ды чарнявенькі, праведаць нас прыйшоў! Які прыгажун! Які маладзец!

— Што ты, мама,— усміхнуўся мужчына,— які ж ён кучаравенькі ды чарнявенькі? Навошта ж зневажаць старога чалавека?

— Чалавека?! — падскочыла старая, потым торкнула сваім кійком ледзь не ў нос дзеду Ігнату.— Ты шэсцьдзесят гадоў таму кінуў мяне падманутую і брухатую! Ты збаламуціў маё жыццё і знік назаўсёды, а сёння шукаеш курносенькую ды сінявокую! — І баба ёмка ўлупіла кіем па дзедавай лысіне.— Вось табе яшчэ! І яшчэ!

Дзед Ігнат, якога пазналі тут і прызналі, плетануў з двара так, што вясковыя сабакі адсталі ад яго на вярсту. Ды што сабакі! Пэўна, той чарнявы ды кучаравы Ігнат пазайздросціў бы гэткаму спрыту.

Апамятаўся і перавёў дух дзед толькі за вёскай:

— Во кручканосая сава! Ці ж можна так палкай лупіць па галаве? Вунь колькі шышак ускочыла! Не хадзіў я да цябе шэсцьдзесят гадоў, яшчэ столькі не пайду!

Паклыпаў дзед прэч, разважаючы на хаду: «Куды пайсці далей? Каго пабачыць яшчэ?.. Наведаюся я ў вёску Вясёлка, там павінна жыць Лазовіч Ганна. Праўда, Лазовіч — яе дзявочае прозвішча, а па мужу... Ды чорт з ім, што мне яе муж! Пайду!» — І дзед Ігнат нетаропка падаўся далей па слядах «баявой славы».

У вёсцы Вясёлка, дзеду на здзіўленне, хату Лазовіч паказалі адразу. Аказваецца, яна як была на дзявочым прозвішчы, так на ім і засталася, бо замуж ніколі не выходзіла.

Ганна была маладзейшая за дзеда гадоў на дзесяць, таму выглядала хоць і старой, але яшчэ даволі жвавай.

— Ты Ігнат? — спыталася другое дзедава каханне п’янаватым языком.— А які Ігнат? Напомні!

— Я той Ігнат, памятаеш,— горача тлумачыць дзед,— той, чарнявы ды кучаравы!

— Які ж ты кучаравы? — здзівілася падпітая Ганна.— Ты ж аблезлы і плюгавы!

— Ды не! — гарачыцца дзед.— Я тады быў...

— Тады-муды! — перадражнівае дзеда Ганна.— Ды ў мяне было чарнявых ды рудых, як у сабакі блох! Напомні яшчэ!

— Ды не! — зноў гарачыцца дзед.— Я той Ігнат, які — памятаеш? — паваліў цябе маладзенькую на салому і... і ты потым сказала, што быў у цябе першы... Ну? Прызнала? Ну, Ганначка!

— Пачакай! Пачакай! — пачала ўважліва разглядаць старога захмялелая баба.— Штосьці прыпамінаю... А потым ты валяў мяне на сена... Так? Гэта быў ты?

— Так! Так, Ганначка! То салома, то сена! Прызнала, золатка!

— А потым ты мне абяцаў залатыя горы. Так?

— Так, Ганначка, так! Пазнала! — выцер памакрэлыя вочы дзед.

— Ой, пазнала! Дай жа я цябе хоць праз столькі гадоў пацалую! — І Ганна з усяго замаху гвазданула дзеду кулаком пад вока.— Вось табе, кучаравенькі! А гэта табе, плюгавенькі! А гэта табе, аблезлы кот!

І кожны раз Ганнін кулак горача «цалаваў» дзеда.

Старому зноў давялося паказваць маладзецкую спрытнасць.

— Во алкашынае стварэнне! — ледзь перавёў ён дых за вёскай.— Нагі маёй болей у цябе не будзе! — І дзед зноў пачаў планаваць далейшы маршрут цікавых сустрэч і ўспамінаў.

Дзе ён быў і з кім сустракаўся яшчэ, аднаму яму вядома. Дамоў жа дзед Ігнат прыплёўся ўвесь у сіняках і шышках.

Жонка здзівілася:

— Ніколі не магла нават падумаць, што на колішніх шляхах баявой славы дагэтуль ідуць баі...

Дзед нічога не адказаў і, знясілены, бухнуўся ў пасцель.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.