epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Па вушы

Мне параіў знаўца вёскі:

— Як сусед табе тлумачу,

Лад жыцця вясковы — жорсткі,

Не купляй у вёсцы дачу.

 

Там дажджы і гразь на глебе,

Горш там п’ецца,

Горш там есца.

Зімой пойдзеш па патрэбе,

Адмарозіш адно месца.

 

Я скажу крыху іначай —

Там каровы, коні, дзюшы.

Толькі выйдзеш з сваёй дачы,

Будзеш у г...гнаі па вушы.—

 

— Што ж рабіць, суседзе-браце? —

Запытаў я без ахвоты

Мне сусед:

— Каб выйсці з хаты,

Купіш гумавыя боты.

 

Я у краму — круць каўбаскай,

Каб купіць абутак цэнны.

— Боты ёсць?

— Вось, калі ласка!

— Яны ж толькі да калена...

 

Я сябе й яе узрушыў,

Патлумачыўшы дзяўчыне:

— Боты трэба мне па вушы,

Ў вёсцы гной, каровы, свінні.

 

Ў прадаўшчыцы — вочы дыба,

Ад здзіўлення не міргаюць:

— А ці ёсць такія хіба?

Іх, такіх, не вырабляюць.

 

Я маланкай даўся з крамы

І бягом з яе, ў ахвоту,

У сваю кватэру прама,

Тут я пражыву без ботаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.