epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Па законах ваеннага часу

Саракавыя гады... У вайну

Беларусь на калені не стала,

Калі маці-зямлю сінявокую

Дзёўбаў фашысцкі груган.

І старыя й малыя —

Уся Беларусь ваявала,

Хто у войска пайшоў,

Хто ў рады партызан.

 

Мінула вайна... Час уперад ляціць,

Як маланка,

А памяць захоўвае свята

Твой подзвіг, народ.

І сёння, праз столькі гадоў,

Кажам мы: «Беларусь-партызанка»,

І скажуць нашчадкі такое

Праз тысячу год.

 

Каб ушанаваць гэту памяць,

Не спяць рэжысёры ў падушку,

Здымалі і будуць здымаць

Патрыятычны ўслаўляючы дух.

І вось малады рэжысёр

Зняць рашыў кінастужку,

Галоўнаю тэмай якой

Партызанскі стаў рух.

 

Няпроста зрабіць гэта сёння,

Зямлю «падмялі́ мы й прыбралі»

І лес парадзеў,

Бо ад пілаў звініць у вушах.

Мы столькі праклалі дарог,

Столькі набудавалі —

Жыццё набірае разгон,

Набірае размах.

 

Прагрэс — ён карысны, але

Ён і шкодны,

Прагрэс — пад сабой сук сячэ,

Ён і ноч, ён і дзень.

А трэба ж знайсці рэжысёру

І лес першародны,

І вёску, хаця бы адну,

Каб вакол — глухамень.

 

Шукаў рэжысёр,

З ім шукаў сцэнарыст —

Не стаялі на месцы,

Аб’ехалі і абыйшлі,

Хто б сказаў — паўзямлі.

Стапталі не мала падэшваў,

Патрацілі час — і нарэшце

Знайшлі, нават больш, чым шукалі,

А лепшае значна знайшлі.

 

Ну што ж, не дарма

Рэжысёр з сцэнарыстам бадзяжыў,

Не вераць вачам, бо натура, што трэба

На ўсе тут бакі.

Такое уражанне, быццам бы час

Гэты кут не заўважыў

Ці раптам, па нейчай камандзе,

Назад адступілі вякі.

 

Цяпер неабходна было

Праз лес гэты «немцаў» правесці

Да месца таго,

Дзе ў засадзе чакае атрад «партызан»

І толькі у тым,

Рэжысёрам прызначаным месцы,

Адбудзецца бой —

Вось такі папярэдні быў план.

 

Атрад партызан быць павінен быў

Мужны, наўздыме,

Каб пераканаўча на камеру

Дзейнічаў ён.

А немцы павінны былі

Ў партызан пастраляць халастымі

І, кінуўшы зброю,

З рукамі узнятымі, здацца ў палон.

 

Акцёры былі знакамітыя —

Зорка на зорцы,

Усё паступова да здымаў,

Да справы ішло.

Ўсё гладка было,

З рэжысёрам у творчай гаворцы,

Заўжды на паперы ўсё гладка,

Ніколі равоў не было.

 

Калі партызаны-акцёры,

Дзе трэба, сядзелі ў засадзе,

Чакаючы немцаў-акцёраў,

Калі ж тыя выткнуць свой нос,

Тады ужо немцаў-акцёраў,

У форме усіх, пры парадзе,

Сцяжынай нябачнаю вёў

Павадыр — дзед Фядос.

 

Фядос быў мясцовы жыхар,

З гэтай вёсачкі Гайны,

Стары быў дзядок,

Але ведаў лясы назубок.

Ён вёў да засады атрад,

На чале з генералам,

А ўжо перад «боем»,

Павінен сыйсці быў у бок.

 

Ішлі з перадыхам,

Бо дзед прыставаў, а прычынай

Быў дзедаў узрост —

Дзевяноста гадкоў адгуло.

І трэба ж супасці было,

Каб па гэтых мясцінах,

Вяртаўся дамоў з палявання

Ў суседнюю вёску Міхалка Шуло.

 

Суседняя вёска і вухам не чула

Пра здымкі карціны,

Жылі сабе ціха, спакойна,

Як продкі жылі іх спрадвек.

І раптам Міхалка пачуў

Недзе гоман мужчынскі,

І дужа здзівіўся —

Тут рэдкасць чужы чалавек.

 

Міхалка падкраўся туды,

Дзе гусценькі хмызняк стаў завесай,

Адкуль даляталі

Прыцішаныя галасы.

Зірнуў і стрымаў ледзьве крык —

Немцы крочылі лесам!

Зноў немцы! —

І ўздыбіліся валасы.

 

Шуло так папёр,

Ажно голле з-пад ног вылятала.

Артысты спалохана сталі: — Хто гэта?

Усіх супакоіў Фядос:

— Ды дробязь. Напэўна, мядзведзь,

Іх у нас тут нямала.

Артысты прыселі ажно,

Адчуўшы на сэрцы мароз.

 

Міхалка, збялелы ад жаху,

Прыпёрся у родную вёску,

Не можа аддыхацца,

Сэрца ірвецца з грудзей.

Імчаў паміж хат,

Нараджаючы лямант, галоскі:

— Ратуйцеся! Немцы!

Ўцякайце! Хапайце дзяцей!

 

Найперш павыскоквалі бабы

З надворкаў і хатаў —

І ў слёзы, і ў голас:

— Зноў немцы! Ратунку няма!

Міхалку спыніў —

У бялізне, як корч сухаваты,

Прайшоўшы ажно тры вайны,

Дзед Кузьма.

 

— Стаяць! Што за гвалт?

Што за вэрхал сабачы?

Людзей баламуціш,

Па вёсцы разнёс пустазвон.

— Там немцы! — бажыўся Шуло,—

З генералам ішлі, я іх бачыў,

І з Гайны Фядоса вялі,

Пэўна, ўзялі ў палон.

 

А раптам яго расстраляюць

Фашысты-бандыты.—

І хліпнуў,

І выцер ўзмакрэлыя вочы Шуло.

Кузьма зноў Міхалку спыніў

І спытаў дзелавіта:

— А тэхніка? Танкі?

А гітлерцаў шмат там было?

 

Усё дакладзі мне.

Магчыма былі самалёты?

І не скавычы тут, як баба,

Ядроная маць!

— Здаецца, былі там гарматы...

Ў асноўным жа — процьма пяхоты,

Вось гэта я бачыў —

Ой, трэба ж нам з вёскі цікáць!

 

Дзядок мацюгнуўся трохзначна:

— Адставіць бадзягу!

І лямант жаночы пачаў

Затухаць пакрысе.

Кузьма ўзняў руку,

Гучна крыкнуў: — Суседзі, увага!

Каб праз паўгадзіны

Былі тут са зброяй усе!

 

Хто — вілы бярыце, хто граблі,

Касу ці лапату,

Сустрэнем мы ворага,

Мы не здадзімся ў палон.

Мы ў саракавыя гады

Білі гітлерцаў клятых,

Паб’ём іх і сёння,

Каб кішкі з іх вон.

 

Кузьме хтосьці ціха сказаў:

«Выплюнь гітлерцаў з роту,

Бо Гітлеру, гэнаму зверу,

Даўно ўжо капут...»

Кузьма ж, быццам той камандзір,

Аглядаў сваю роту» —

Былі нават бабы «пры зброі»,

Усе былі тут.

 

*

«Нямецкі ж атрад» ціха крочыў

Да кропкі умоўнай

І ведалі ўсе —

Надыходзіць для бою пара.

І тут з двух бакоў,

На атрад, нечакана, раптоўна,

Наскочылі... хто яны? што яны? —

З крыкам «ура!»

 

Артысты падумалі:

«Вось яно, месца засады»,

Яны прытаміліся,

Лесам не мала прайшлі,

Таму і развязцы такой нечаканай

Былі вельмі рады

І, згодна сцэнарыя,

Дружна страляць пачалі.

 

Кузьма закрычаў:

Акружайце! Уперад! Паўзіце на пузе!

Фядос зразумеў,

Што суседняя вёска напала на іх.

Таму супыняў: — Тут свае! Не страляйце!

Тут нашы ўсе, Кузя!

Спыніцеся, добрыя людзі,

Не пазабівайце сваіх!

 

Тым часам гучала й была

Страляніна паўсюдна,

Старанна страляў халастымі

Нямецкі атрад.

Кузьма зычна крыкнуў Фядосу:

— Прадаўся, Іуда!

Табе ужо гітлерцы сталі сваімі —

Во гад!

 

Артысты, як ім і прадпісваў

Кіношны сцэнарый,

Адкінулі зброю, здаліся ў палон,

Адным словам — кранты.

Кузьма і вяскоўцы

Не сталі чыніць тары-бары,

Скруцілі іх хутка

Й анучы запхнулі ў раты.

 

Кузьма трыумфаваў:

Я прайшоў тры вайны, ўсё бывала,

Бывала, ў палон заграбастваў

Фельдфебеля я.

Цяпер, на чацвёртай вайне,

Паланіў самаго генерала —

Ўсё гэта — мой вопыт

І воля, і мужнасць мая.

 

Дзед мужны меў выгляд,

Хоць быў у бялізне і босы

— Што, Гітлераў прыхвасцень,

Дранікаў хочаш? А во!

Дзед дулю скруціў

У артыста ля самага носу

Ён з віламі пільна стаяў

Каля генерала «свайго».

 

А той штосьці спробваў сказаць,

Але ў роце ануча,

Ён міміку, нейкія жэсты

Пускаў свае ў ход.

— Мычыш? Што ж, мычы! —

І Кузьма плюнуў гучна.

Мы вас, па законе ваеннага часу —

Да д’ябла, ў расход!

 

І дзеда Фядоса скруцілі,

Ён здраднік —такім няма спасу.

Яго асабіста Кузьма

Пасадзіў у свой склеп.

Цяпер кіравалі

Законы ваеннага часу.

І ўсіх у скляпы пад замок,

На ваду і на хлеб.

 

*

Усе — рэжысёр, сцэнарыст,

Сабе не знаходзілі месца,

Трывожных здагадак цяжар

На душы рос і рос.

Куды ў форме немцаў акцёры

Усе маглі дзецца?

І з імі, надзейны такі павадыр,

Дзед Фядос.

 

Няўжо заблудзіліся ў лесе

Пакутуюць недзе,

Не маюць з сабою нічога —

Ні есці, ні піць.

А можа патрапілі раптам

У лапы мядзведзя,

А можа... а можа...

А можа — усё можа быць.

 

Раптоўна ім хтосьці сказаў,

Што суседняя вёска,

Злавіла нямецкі атрад

На «сапраўднай вайне».

І з імі ў палоне знаходзіцца

Нейкі Фядоска,

Але невядома,

Жывыя яны ўжо ці не.

 

Таму, што ў былую вайну

Не было ад фашыстаў ніякага спасу,

Ото ж нацярпеўся тады

Беларускі народ.

Палонных маглі,

Па законе ваеннага часу,

Паставіць да нейкай сцяны

І пусціць у расход.

 

І вось рэжысёр адшукаў бедакоў,

Ледзь ад шчасця не плакаў,

Прыходзілі кожны ў сябе,

Хто як мог, пакрысе.

Падзяка вялікай удачы

І Богу падзяка —

Знайшліся акцёры і дзед, праваднік іх,

Жывыя усе.

 

Цяпер сцэнарыст з рэжысёрам

Збяруцца — напару,

Каб тое, што тут адбылося,

Ім асэнсаваць.

Само тут жыццё напісала

Цікавы сцэнарый,

Пра гэта, пра дух беларускі,

І будуць здымаць.

 

Фядос падыйшоў да Кузьмы:

— Падкузьміў ты сябе, даў ты маху.

Кузьма усміхнуўся на гэта:

— Які ты прасцяк!

Я дзейнічаў, братка Фядос,

Па законах ваеннага часу

І буду ў ліхую гадзіну

Рабіць толькі так.

25.01—27.01.2021



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.