epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пахавалі сабаку

Пахавалі сабаку

Без жалобных прамоў.

Закапалі сабаку

Абы-як — і дамоў.

 

А сабака быў важны,

Пільны быў, малады,

Непадкупны, адважны,

Вартаўнік — хоць куды.

 

Не пускаў ён чужога

Ані ў хату, ні ў хлеў.

І ўсяго ў ім благога —

«Не саромеўся» — еў.

 

Што дадуць — не пакіне,

Можа нават не жваць.

Не дае гаспадыні

Думка век дажываць.

 

— Надакучыў, пачвара!

Чым карміць лайдака?

Замест дэрбы-аўчара

Завяду парсюка.

 

А сабака й маленькі

Будзе звягу тварыць,

Ды і з’есць ён паўжменькі,

Меней трэба варыць.

 

Гэта думка паўстала,

Як ля долу труна...

І аўчаркі не стала,

Даканала яна.

 

Наляцелі падзеі

(Ноччу спала шчаня),

І пакралі зладзеі,

І свіней, і каня,

 

І кароўку з курамі,

І запасы мукі.

І ляцелі праз браму

Ім услед скразнякі...


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.