epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пачну з кахання

(жарт)

 

Сяджу, гарую сваё гора —

Аб чым пісаць?.. Сцяна. Туман.

Паэтаў развялося — мора,

Натворанага — акіян.

 

Узяць каханне — «тралі-валі»,

Няхай ядуць яго ваўкі.

Яго ж па костачках распялі

Браты-паэты за вякі.

 

Яго, як сцяг той для параду,

Наверх дасталі з-пад спадніц.

Яго і спераду, і ззаду

Апелі рыфмы да драбніц.

 

Пісаць ці не пісаць — дылема.

Дзе сутнасць творчасці? Дзе соль?

Хутчэй за ўсё, другая тэма

Пасля кахання — алкаголь.

 

Тут — свет фантазіі раздольны,

Абсяг бязмежны, не загон.

І вечнай тэмы алкагольнай

Б’е слоў фантан, як самагон.

 

Тут кожны з градусным імпэтам

У твор натхненне «заліваў».

І я на шумным фронце гэтым

Пабаляваў, паваяваў.

 

Тут правяць не анёлы — чэрці,

Таму і даў я задні ход.

Як творца, можна тут памярці,

Тут паліш кроў, паскудзіш рот.

 

А што ж рабіць? Куды падацца?

І дзе Пегаса не было?

Што засталося? Грошы, праца,

Зямля, вада, дабро і зло.

 

Пачуццяў бура, часу хвалі,

Таемства ночы, неба сінь...

Дый тут паэты здратавалі

Усё і ўся — куды ні кінь.

 

Не, не памерла спадзяванне,

Што крылы абжывуць спіну.

Вастру пяро — пачну з кахання,

І алкаголь не абміну.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.