epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пачуццяў бочка мёду

Тэлефаную — ты маўчыш.

Тэлефануеш — я алёкну.

І слоў салодзенькіх кіш-міш

Пасыплецца, як промні ў вокны.

 

Ах, як прыемна ў гэты час

Піць недамовак асалоду.

І звязвае надзейна нас

Пачуццяў нашых бочка мёду.

 

Раптоўна ў гэту смакату,

Невыпадкова, выпадкова,

Ад нечых вуснаў, на ляту,

Трапляе дзёгцю адно слова.

 

Маўчыць твой рот, маўчыць мой рот,

І два мабільнікі без працы.

Каб не пачуццяў нашых мёд,

Адкуль бы дзёгаць мог узяцца?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.