epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пачынаецца дзень

Дрыготкае ранне,

Калючая сцюжа,

На покрыве снежным

віхляюць сляды.

Прамерзлыя,

Нібы зашклёныя лужы,

І людзі, як здані —

туды ды сюды.

 

З карнізаў дамоў,

бы застылыя чары,

Вісіць ледзяшоў

вастразубы крышталь.

Няспешных машын

перакрэсныя фары

Павольных сняжынак

высвечваюць баль.

 

Дрымотныя дрэвы

стаяць заінела,

Іх снежныя шапкі

крыху набекрэнь.

Расхмарыла неба

абшар свой, віднела,

Рухавасць вакол —

пачынаецца дзень.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.