epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пад яблынькай

Ў цяньку пад яблынькаю пасядзець прыемна,

Якую колісь пасадзіў дубцом.

Тут вольна дыхаецца, думаецца кемна

Ці кемліва, натхніўшыся вінцом.

 

Пяшчоціцца ля ног ласкава траўка,

Вунь пчолкі рупяцца з усіх бакоў.

Эх, каб яшчэ да пенсіі дабаўка,

Ды да жыцця накінуў Бог гадкоў.

 

Скок-скок, ля самых ног кульдычыць жабка

І на мяне увагі — поўны нуль.

Тут — цэлы свет, бацькоўская тут хатка,

Мы ўсе, хто быў, хто ёсць — усе адсюль.

 

Душой прыемна да жыцця туліцца —

Сядзелі тут мае бацькі ў цяні.

І тут, на гэтай, на святой зямліцы,

Дзяды ў жыццё пускалі карані.

 

Тут столькі адгуло, на гэтым месцы,

Тут так жахліва душыць цішыня,

Эх, каб маглі вы ля мяне тут сесці,

Дзяды, бацькі, браты — уся радня.

 

Мы б абняліся кроўна з усёй моцы,

Гулі б мы, як ніколі і ніхто...

Ці вытрымала б сэрца тых эмоцый?

І нават, калі не — было б за што.

 

Заўсёды ёсць імгненні, за якія

І не шкада жыцця, ўсяго, што ёсць.

Пранёс бы у душы і праз вякі я

Сустрэчу гэту, каб не быў тут госць...

 

Расчуліўся я і не без прычыны,

Заглыбіўся душой у даўніну.

Пайду у хатку і за ўсе ўспаміны,

За кожнага па келіху кульну.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.