epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Падабенства і розніца

Каляднай ночы

з ноччу салаўінай

Не параўнаць,

Як старасць-маладосць.

Не параўнаць

Калыску з дамавінай,

Хаця між імі

Падабенства ёсць.

 

Дзіця ў калысцы —

дарог жыццёвых многа,

Расці,

Жыві,

Любую выбірай.

Нябожчыку — апошняя дарога

Ў сваёй «калысцы» —

У пекла або рай.

 

Ёсць паміж імі розніца —

Без слова,

Не толькі ў тым,

Што паміж іх гады.

Дзіцятка —

У калысачцы часова,

Нябожчык —

Ў дамавіне назаўжды.

 

Зноў

Падабенства крайнасцяў адчулі

Праз калыханку —

Праўда, з гарчынёй:

Дзіцятку закалыхвае

Матуля,

Нябожчыка —

Магіла цішынёй.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.