epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паданне даўніны

На маляўнічым месцы, дзе

Дарогі дзве ляглі ў адну.

Хто тут не едзе, хто не йдзе,

Адчуе сэрцам даўніну.

 

Вось тут, на гэтай вось вярсце,

Ля аб’яднання дзвюх дарог,

Бярозка з даўніны расце,

А пад бярозкай камень лёг.

 

Хтось пасмяецца з гэтых слоў

І зморшчыць над ухмылкай нос —

Ці ж мала ў полі камянёў?

Ці ж мала каля іх бяроз?

 

Так, камні не вялікі цуд,

Бярозак шмат ля бальшака.

Але ж ляжачы камень тут,

Падобны ён — да юнака.

 

Нібыта раптам ён знямог

Альбо паранены ён быў,

І да бярозкі, як да ног

Каханай лёг — так і застыў.

 

Загадка ёсць яшчэ адна —

Бярозкі гэтай маладосць.

Ідуць стагоддзі, а яна,

Якой была, такой і ёсць.

 

Іх, быццам для нашчадкаў, час

Захоўвае — яго, яе.

І раскрывае зрэдзь для нас

Старонкі даўніх год свае.

 

Паданне даўніны дайшло

Праз тоўшчу год да нашых дзён,

Паданне, пра дабро і зло,

І пра каханне, што было

Ў той час, нібы дзівосны сон.

 

Ад дзеда бацька мой пачуў,

А я ад бацькі у свой час.

Цяпер пераказаць хачу

Паданне гэтае для вас.

 

*

У краскі-Алены, у сэрцы

Быў тайны каханы,

Алесь-прыгажун, сын адзіны

Вельможнага пана.

 

Багаты жаніх, той Антось,

Ды й тварам прыгожы.

І гэткую жонку шукаў яму

Пан той вельможны.

 

Здавалася б, дзве прыгажосці такія —

Аб чым лепшым марыць.

І ўсё ж, немагчыма пра гэта

І рана гутарыць.

 

Паны ёсць паны,

У людзей яны навідавоку,

Алена таму паніча

Бачыць бачыла, хоць і здалёку.

 

Бывала, праскочыць і блізка на брычцы

Па нейкай патрэбе.

І ў сэрцы дзявочым каханне заззяла,

Як сонейка ў небе.

 

Яе ж не заўважыў ён, хоць

Недзе бачыў, магчыма,

Ці ж панская ўвага магла апусціцца

Да простай дзяўчыны?

 

Але мы пад Богам усе,

За кожным ён сочыць,

Таму і цяпер ён заўважыў два лёсы —

Хлапечы й дзявочы.

 

Дзяўчына ж жыла у хаціне старой,

А паніч у палацы,

Прыйшла неяк краска-Алена да пана

На працу наймацца.

 

Стары пан, але і ў старых,

Не старэе іх вока,

Яны прыгажосць, як смятану каты,

Заўважаюць здалёку.

 

Ці ж мог не заўважыць ён цуд гэты

Ў зрэбнай сукенцы?

І ветліва згоду на працу даў ён

Нечаканай паненцы.

 

Яе не паслаў не ў хлявы, не на поле,

Ў стагі класці сена,

Павінна была прыбірацца

У панскіх пакоях Алена.

 

Стары пан, не вельмі стары быў

Душою і целам,

Таму пакідаў каля вока свайго

Пакаёўку з прыцэлам.

 

Ён ведаў, што дзеўку узяць на прыцэл —

Не якую там птушку,

Дзяўчына не вельмі захоча патрапіць

Да пана на мушку.

 

Тым больш, што штодзённа й штоночна

Ёсць жонка ля боку.

Але ж паляўнічы заўжды

Да дзічыны цікуе здалёку.

 

Сама і Алена на працу з прыцэлам

Прыйшла нанімацца —

Авось з панічом давядзецца

Праз дзень ці штодня сустракацца.

 

У першы ім дзень сутыкнуцца дало

Вочы ў вочы

Паніч паглядзеў на Алену...

Й захоплены быў прыгажосцю дзявочай.

 

Хацеў прывітацца і штосьці спытацца,

Ды сілы дзе ўзяці.

Ён кінуўся прэч ад дзяўчыны

Ў пакоі да маці.

 

— Хто гэта? Адкуль? Што ў нас робіць? —

Пытаннямі сыпаў.

І мацін адказ — і здзівіў, і спыніў

Роспыт сынаў.

 

— У бацькі спытайся свайго,—

Сын пачуў ад матулі.

На старасці год ладзіць ён

Небяспечныя гулі.

 

Была пакаёўка у нас,

Ды, відаць, для яго састарэла.

Эх, сынку... — і маці скрозь слёзы

Ўздыхнула нясмела.

 

У роспачы выйшаў ад маці Антось,

Думкі родзіць.

Што бацьку сказаць? Як пачуцці схаваць?

Як паводзіць?

 

Не! Рана дарогу даваць

Недаспеламу слову.

І з бацькам ён весці пакуль не гатовы

Такую размову.

 

Дзяўчына — яна незнаёмка, загадка,

Яна — як сляпому дарога.

Ён нават не ведае, як яе зваць —

Анічога.

 

Ні слова не чуў ад яе ён пакуль,

Ні паўслова.

І хлопец рашуча вярнуўся

Да той прыгажуні нанова.

 

Убачыў яе і былая фарсістасць

Імгненна растала.

Але і Алена, ў палоне кахання

Ледзь сэрца стрымала.

 

І ўсё ж яна першая мовіла:

— Слухаю, пане.

«Я слухаю, любы, цябе!» —

Аж крычала каханне.

 

— Ты хто? Ты адкуль? — запытаўся Антось,

Я раней вас не бачыў.

«Якая прыгожая ты!» —

Хтосьці ў сэрцы усё перайначыў.

 

Ён з ёй — то на «ты», то на «вы» —

Хваляваўся без меры.

То — ён чырванеў да вушэй,

То — бялей быў паперы.

 

— Алена я, з вёскі,

У вас прыбіраю ў пакоях.

— А я... тут жыву, я паніч, я Антось...—

І яны счырванелі абое.

 

Здавалася ім, што знаёмыя доўга яны,

Насамрэч — вельмі мала.

— Прыемна вас бачыць...— сказаў ён.

— І мне вас...— яна адказала.

 

Раптоўна ідылію гэту

Зусім нечакана,

Парушыў, як гром сярод яснага неба.

Голас злоснага пана.

 

Ён ціха стаяў за дзвярмі,

Слухаў кожнае слова.

— Хадзем-ка, сынок, да мяне ў пакой! —

Кінуў сыну сурова.

 

Пан доўга маўчаў,

Пазіраючы злосна на сына.

Затым — яго словы гучалі калюча,

Як здзек, быццам кпіны.

 

— Ты бельмы свае не выпяльвай

На дзеўчыну гэту.

Не тое яе... і не толькі яе,

Зжыць гатовы са свету.

 

Вунь, колькі дачок у суседніх паноў,

Там твая ўся забава.

А тое, што я пакаёўку змяніў,

Не твая гэта справа.

 

І маці сваёй,

Каб пра нашу размову — ні гуку.

Гуляй! Не губляй маладосць,

Буду рады унуку!

 

*

Вядома, што плод забаронены, людзям

Больш смачны й прыемны.

Таму і Антосю з Аленай кахацца

Даводзілася патаемна.

 

Сустрэчы іх тайныя цешылі і мілавалі,

Але й засмучалі,

Яны быццам светлае штосьці і грэшнае

Клалі на шалі.

 

— Я бацьку скажу! — гарачыўся Антось,

Дам пачуццям свабоду!

— Ты што! — ажно млела Алена,—

Ён сам не дае мне праходу.

 

Ён з першага дня дамагацца пачаў,

Не дае мне прадыху.

Лепш будзем з табой і далей.

Сустракацца паціху.

 

— Паціху! — Антось аж падскочыў,—

Не будзе такога!

Ці ж можна пачуццяў баяцца —

Каханне ад Бога!

 

Мы што, так і будзем туляцца

Век пазавуголлю?

Мы здолеем і без бацькоў

Стварыць сваю долю.

 

Я заўтра ўсё выкладу бацьку,

Усё, як на блюдзе.

І маці адкрыю душу,

Тады — будзь што будзе.

 

*

Вагаўся назаўтра Антось,

Ведаў бацькаву лютасць.

Падзеі ж хутчэй за яго

Набылі сваю хуткасць.

 

Пакуль так туляўся Антось

Між страхаў і мрояў,

Ушчэнт разадраў цішыню

Крык з панскіх пакояў.

 

Крычала Алена. На крык

Антось ірвануўся і маці —

На ложку Алену скруціў

Раз’юшаны пан у халаце.

 

З Алены спадніцу сцягнуў,

Хрыпеў, як ваўчына,

І білася з крыкам пад ім

На ложку дзяўчына.

 

Антось бацьку з ложку шпырнуў,

Дзе сілы ўзяліся.

Збялеў пан, шалёна зароў,

Аж пена на пысе.

 

— Дык ты супраць бацькі, смаркач,

Трымайся, паскуда!

Цябе, хоць маліся, хоць плач,

Я знішчу, Іуда!

 

Алену Антось падхапіў,

Хіне, сам хоць кляты.

— А ты! — і пан стрэльбу схапіў,—

Сваё аджыла ты!

 

Тут маці да мужа на шыю:

— Ці ж злыдзень ты гэткі!

Спыніся! — а дзецям гукнула:

— Ратуйцеся, дзеткі!

 

Бяжыце! А я прытрымаю

Шалёнага звера.

Алена з Антосем імгненна

Даліся за дзверы.

 

На двор, а там конь, на іх шчасце,

Запрэжаны ў брычку.

Ускочылі ў брычку яны — і на волю

Імчаліся знічкай.

 

— Мы вольныя!

— Любая! Любы! Мы разам! —

Ў паветры гучала.

Яны раптам вольныя крылы адчулі —

Зямлі стала мала.

 

Два сэрцы, два лёсы паспелі з’яднацца

Адзінаю мэтай.

І свет адкрываўся ружоваю казкай

Прад параю гэтай.

 

Няма для кахання бар’ераў, ні межаў,

Ніякіх умоваў.

Раптоўна Антось і Алена пачулі

Стук конскіх падковаў.

 

Бяда свайго чыншу не ўпусціць ніколі,

Не спіць гэта шэльма —

Ў сядле, на кані, за шчасліваю парай

Скакаў пан са стрэльбай.

 

Дагнаў і упоперак стаў на дарозе,

Як скула на целе.

— Ну што, ад мяне, ўсемагутнага пана,

Вы збегчы хацелі!

 

Ды я й пад зямлёй вас знайшоў бы, агідных,

Двух вырадкаў клятых.

Цяпер кайданы вы ў скляпе мураваным

Палічаце святам.

 

Вы будзеце на ланцугу ў адным месцы,

Вас не разлучу я.

Вось там маю літасць на хлебе з вадою

З вас кожны адчуе.

 

Пан здзекваўся з двух маладых відавочна,

Ўпіваўся уладай.

— Вось так я магу, а магу й па-другому

Пакончыць са здрадай.

 

Антось жа з Аленаю вылезлі з брычкі

І слухалі моўчкі.

А пан маналог, альбо здзек непрыстойны

Працягваў свой воўчы.

 

— Дык вось, я, магчыма, табе і дарую,—

Звярнуўся да сына,—

Калі на каленях мяне перапросіш,

Слязліва, павінна.

 

Калі адрачэшся ад гэтай шарплюдкі,

Быдластай і чорнай,

А ты — на Алену ён стрэльбаю тыцнуў,—

Мне будзеш пакорнай.

 

Антось узарваўся: — Не будзе ўсё гэта,

Дарэмна нас судзіш!

Жыць ёй без мяне, як і мне без Алены,

Ты нас не прымусіш.

 

Ты хочаш, каб я ад кахання адрокся,

Адмоўлюся лепш я ад волі.

Ты хочаш, каб стаў прад табой на калені —

Ніколі! Ніколі! Ніколі!

 

Яе я абраў і табе не падсілу

Ў ланцуг закаваць нашы лёсы.

Чым быць тваім сынам, з Аленай лепш буду

Галодны і голы, і босы.

 

— Ах так, дык не быць табе з ёю ніколі!

Дарунак табе мой, Алена! —

І стрэліў раптоўна ў дзявочае сэрца,

Антось, без вагання, імгненна

 

Закрыў яе сэрца сабой, сваім сэрцам

І ўпаў каля ног сваёй любай.

Алена ж над ім засталася бярозкай,

З ім вечным звязáная шлюбам.

 

*

Такое паданне... Агучыць я рады

І выкласці ўсё на паперы.

Цяпер вырашайце ці ў чутым шмат праўды,

Ці варта пісáнае веры?

 

А ў нашыя дні, хіба ж ён не бывае

Трохкутнік так званы, любоўны?

Таксама ён сувязі ўсе разрывае

І родных, і адзінакроўных.

 

Мы любім усе даўніну без ваганняў,

Па-свойму ўспрымаем і цэнім.

Калісьці і мы з вамі станем паданнем

Для новых часоў, пакаленняў.

8.01.— 12.01.2021

Мінск



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.