epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Падман

Я гукнуў у ноч саву,

Нават не зусім умела.

І яна на галаву

Ледзь гукацелю ні села.

 

Нада мною — шых-шых-шых,

І крутнула ў цемру ночы.

У яе — лакатар-слых

«Бачыць» значна лепш, чым вочы.

 

Зорнасць, дождж альбо туман —

Я гукаў — сава ляцела.

Паддаецца на падман,

А чаму — незразумела.

 

Пэўна, ў птушак, як і ў нас,

Больш замужніх і жанатых,

І ляціць яна штораз,

Бо шукае незанятых.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.