epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Падмурак

Прыйшлі ў жыццё другія людзі,

Больш новыя, чым я.

І што далей з табою будзе,

Паэзія мая?

 

Калі і прачытае хтосьці,

Ці зразумее ён,

Як мне жылося ў маладосці,

Праз новы лексікон.

 

Жыў я і ўсе тады у горы,

Ў вайну, пасля вайны.

Мы, з бульбы, ўшчэнт гнілой, шайморы

Пяклі у тым галодным моры,

Прасначныя бліны.

 

І зноў, у час не самы горшы,

За намі гора йшло —

Жыўём нас заядалі вошы,

Бо мыла не было.

 

Жылі ў цяжкі той час няблізкі,

Амаль што нашчака.

Зацірку елі з адной міскі,

Без тлушчы, малака.

 

Жылі ў зямлянцы, а не ў хаце,

Бо ўсё агнём пайшло.

Адзенне — лаціна на лаце,

Абутку не было.

 

Амаль раздзеты і разуты

Ў зімовы нават час.

І голад, голад, голад люты

Грыз днём і ноччу нас.

 

А я ж пішу, пішу аб гэтым,

Што памяць не міне.

Як зразумець сучасным дзецям

І моладзі мяне?

 

Ім цяжка зразумець, сучасным,

Што я ні закрані.

Што гэта за прыгон калгасны

За так, за працадні.

 

А пасля іх, сучасных, новых,

Больш новых час прышле.

Не зразумець ім час суровы,

Нам дадзены, але...

 

Хоць нам глядзеў у вочы хмурна

Зусім няпросты час,

Мы ладзілі жыцця падмурак,

Ў тым ліку, і для вас.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.