epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Падранак

На шары зямным,

На сядзібе ў садку,

Ля хаты бацькоўскай

Сяджу за сталом.

Адчуў я шчымліва

Ў сабе ўпершыню

Падранак-душу

З перабітым крылом.

 

На шары зямным

Самаробны мой стол —

Быў шумны й гасцінны,

Сумуе цяпер.

Цяпер шар зямны —

Што ні родныя — дол,

І выгляд стала

На жалобны манер.

 

Маіх успамінаў

Балючы уздых,

З дыханнем жыцця —

Ні ў папад, ні ў лады.

Я — неўтаймаваны,

Змяніўся, прыціх,

І штосьці памёрла

Ўва мне назаўжды.

 

І сціснуўся шар наш зямны —

У камяк,

Няўстойліва й хістка

Тут мне і сталу.

Мой лёс ссірацеў,

Не ўтрымацца ніяк —

О як перабітаму

Цяжка крылу.

 

Душа ўжо не выправіць

Болей крыла,

Узлётаў мінулых

Губляецца след.

Наперадзе —

Меней і меней святла,

Мінулае шырыцца,

Вузіцца свет.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.