epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Падранкі

Сяргею Грахоўскаму прысвячаю

 

Хочацца сонечных фарбаў і мараў —

Гіну ў імгле.

Чыстых, празрыстых, блакітных абшараў

Прагну...

Але

 

Быццам у заўтра — замкнёныя дзверы —

Нішчу душу.

Чорныя думкі на чорнай паперы

У цемры пішу.

 

Мушу глядзець не на сонца — пад ногі —

Цемра-турма.

Зводзяць у чорную бездань дарогі —

Спасу няма.

 

Ці не адзін я ў пакутах блукаю?

Колькі тут нас?

Цені ці людзі навокал? Гукаю —

Ціха ў адказ.

 

*

Крылы — адвечная мара-патрэба,

Казачны ўзлет.

І чалавек углядаецца ў неба

Тысячы год.

 

Штучныя крылы — штучная воля,

Бразгат замкоў.

Штучная воля не разняволіць

Нас ад акоў.

 

Толькі яны разнявольваюць душы —

Крылы душы.

Ісціну гэтую век не задушыш —

Як ні душы.

 

Што ім нягоды, тым душам крылатым?!

Іх не зламаць!

He супыніць катавальням і кратам

І не стрымаць.

 

*

Хата. Калыска. Дзіця-немаўлятка.

Ноч настае...

— Спі, падрастай, залатое дзіцятка! —

Маці пяе.

 

Ранак настане, з калыскі ты ўстанеш!

Маці пяе.—

Вылеціш з хаты і ў небе расправіш

Крылы свае...

 

Дзіва! У хаце галеча, нястача,

Бед повен рот,

А калыханка над дзіцем не плача —

Славіць узлёт.

 

Ведае маці, што чуе крывінка

Песню ў цішы,

Што паратуюць ад неба з хусцінку

Крылы душы.

 

*

Хмурым, халодным, няветлівым ранкам

Шмат я хацеў:

Я адштурхнуўся ад той калыханкі —

І паляцеў.

 

Як я баяўся ляцець супраць ветру —

Горкі сюрпрыз...

Мала свядомасці — мала паветра —

Бразнуўся ўніз.

 

Цяжка плысці па паветраным моры,

Цяжка ляцець.

Крылам душы неабходна апора —

Мала хацець.

 

Што ўжо казаць пра мяне, пра малога?

Лёс даў урок...

Новым, нязведаным вабіць дарога —

Першы быў крок.

 

*

Сёння — пакутлівы груз за плячыма.

Дзе яго дзець?

Брыдка паўзці — не ляцець немагчыма —

Трэба ўзляцець!

 

Цяжка ляцець супраць ветру, адзначу,

Горш, чым калі.

Хворае, кволае, роднае бачу

Цела зямлі.

 

Крылы стамляюцца, цяжка ім несці

Гмахі-гады.

Сілы губляюцца, толькі б не сесці

Мне назаўжды.

 

Тут, на зямлі, зноў дратуюць падзеі

Існасць жыцця,

Топчуцца лёсы, законы, надзеі —

Бог нам суддзя.

 

*

Сонца знікае ці сам я знікаю?

Жудасны час.

Людзі ці цені навокал? Гукаю —

Чую адказ.

 

Малагалосны адказ і не гучны —

Многа глухіх,

Зрок нейкі сонны, сон нейкі штучны —

Крыўдна за іх.

 

Крыўдна! Развальваем родную хату —

Рабства ў цане.

Сёння ахвяра галосіць па кату —

Іншых кляне.

 

Хто ж адштурхнуўся ад той калыханкі,

Ветру на злосць?

Сэрцы нязломленых, душы-падранкі —

Ёсць яны! Ёсць!

1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.