epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паэмы 2020

Паміж вяселлем і пахаваннем
Плюс — мінус


 

 

Паміж вяселлем і пахаваннем

Да вяселля рыхтаваліся ўсёй вёскай,

Маладыя, іх бацькі — даўно, здаля.

Малады, Іван — сын Зосі і Фядоскі,

Маладая, Ганна — Стэфкі й Васіля.

 

Што ўся вёска рыхтавалася — не дзіва,

Добра ведаюць усе — малы й стары,

Што вяселлі адбываюцца вірліва

У падпітасці — і дзень, і два, і тры.

 

Што ад спеваў, танцаў, жартаў

Будзе цесна,

І што, хоць расперажыся, пі і еш.

Дзе ўся вёска за адным сталом, сумесна,

Грамадой — і не захочаш, запяеш.

 

Ну, а што ўжо да бацькоў —

Ім думаць рана

Пра спяванкі, вытанцоўкі, весялосць.

Рыхтаваліся адказна і старанна,

Каб адчуў сталоў гасціннасць кожны госць.

 

Трэба ж думаць пра каўбасы, рыбу, мяса,

Бо для закусі патрэбна ўсё яно.

І гарэлка каб лілася, ды з запасам,

І вясельнае шыпучае віно.

 

Каб са смакам ужывалася старанна

Пасля чаркі на талерках смаката.

Трэба ж кожнага ўсадзіць за стол пашанна,

Кожны ж хоча быць бліжэй каб да кутá.

 

Ля парога сесці — некаму прынука,

Як смяюцца, жаніхом ля качаргі.

О, вяселле — гэта цэлая навука,

Лёгка тут гаспадарам зламаць мазгі.

 

Маладыя ж...

Ну на тое й маладыя,

Мілаваліся, нібы апошні раз.

Хвалявалі мала іх турботы тыя,

Ім бы без чужых падглядаў бавіць час.

 

Малайцы!

Яны свае пачуцці спеляць

У апошнія дашлюбныя дзянькі,

Бо сямейнасць хутка ім хвасты прышчэміць,

Будзе ўсякае — трымай у дзве рукі.

 

І хоць страшаць, што сямейны лезе ў яму,

А дзяўчына лезе замуж, бы ў сіло,

Хлопцы жэняцца, ідуць дзяўчаты замуж

І жывуць шчасліва —

Так заўжды было.

 

Шчасце вось яно —

Ў абдымках, пацалунках,

А наперадзе — вяршыня ўсіх уцех.

Шчасце — гэта і акрыленыя думкі,

І жыцця дарога, што вядзе уверх.

 

Як прыемна па ёй крочыць закахана,

Разам з марамі аб сонечным жыцці.

Будзе сонечнасць у Ганны і Івана

Альбо прыцемак? Што здолеюць знайсці?

 

*

Дні — як сімвалы, адзнакі, вызначэнні,

Кожны ўтойвае ў сабе наступстваў знак.

Корміць цэлы год адзіны дзень асенні,

Так сцвярджаецца людзьмі — і гэта так.

 

Вельмі шмат яшчэ чаго

сцвярджаюць людзі

І зыходзяць, пэўна, з вопыту свайго —

Як сустрэнеш Новы Год, такім і будзе

Ён для спраў, і для забаў, і для ўсяго.

 

Дзень народзінаў, жаданы, штогадовы,

І на ім ляжыць прыемнасці пячаць.

Кожны з нас на ўсё магчымае гатовы,

Каб такія дні бясконца адзначаць.

 

А ўжо дзень вялікай нашай Перамогі,

Неўміручы ратны подзвіг славіць ён,

Ў ім праз кожны лёс ляжаць вайны дарогі,

Ў ім і тысячы святых ахвярных дзён.

 

Вось што значыць дзень адзін у лёсе нашым,

Ў ім і сонца акіян, і мора слёз.

Можа кроплей перапоўніць лёсу чашу

Ці ашчасціць можа, ці знявечыць лёс.

 

Сёння дзень такі жаданы і галоўны,

Ў ім закладзены двух лёсаў тайны код,

Ён адзнакаў і прыкмет адвечных поўны,

Гэты дзень — за ім ўсё жыццё, не год.

 

*

Тут, у хаце маладой, усё гатова,

Тут ажно трашчаць сталы ад розных страў.

І з напоямі бутэлек паўлітровых,

І ўсяго, каб толькі госць не галадаў.

 

Маладыя на дварэ, бацькі тут Ганны,

Тут Івана й Ганны блізкія сябры.

Хутка Зося і Хвядос прыдуць прыбраныя,

Хата блізка іх, праз дзве, на тым двары.

 

І гасцей тут можна бачыць, праважатых,

Хтосьці з іх паедзе ў ЗАГС, а хтосьці не.

І у кожнага, ва ўсіх настрой прыўзняты,

А хто хоча выпіць, слінкі ледзь глыне.

 

Тут музыкі даюць жару на ўсю вёску,

Але ўсё ж усе пачулі Васіля:

— Што ж забавіўся там з Зосяю Фядоска?

Ну нічога, разбярэмся апасля.

 

Стэфка мужа супакоіла лагодна:

— Не хвалюйся, часу многа... ёсць яшчэ...

Прыпазняюцца?

Што ж, Богу так угодна,

Пачакае ЗАГС, нікуды не ўцячэ.

 

А Васіль усё ж не здаўся:

— Прыдуць ноччу,

Калі ўсё мы і пап’ём, і паядзім...

Хтосьці з шáфераў памкнуўся:

— Я падскочу!

Нагадаю пра вяселле сына ім.

 

Тут рашуча сам Іван спыніў шуміху:

— Лепш калі я маму з татам прывяду.

І пайшоў дамоў, а хтосьці мовіў ціха:

— Маладую кінуў... каб не на бяду.

 

Цэлай вечнасцю здавалася хвіліна

І цягнулася імгненне, быццам год.

І няма — усё няма бацькоў і сына,

Гэта што — ці непавага, ці байкот?

 

Тут прысутныя убачылі Івана,

Ён расхрыстаны прыбег з апошніх ног,

Штосьці рот яго сказаць хацеў старанна,

Ён задыхваўся і вымавіць не мог.

 

І нарэшце дзікім голасам сіпатым

Слёзна крыкнуў, нібы кінуўшы дакор:

— Мама дома, там галосіць каля таты!

Не чакайце тату!

Тата мой памёр!

 

Падалося, быццам сонейка патухла,

Быццам сэрцы люта чорны змрок дзяўбе.

Цішыня бы ад сябе самой аглухла,

Каб магла пачуць яна сама сябе.

 

Раптам голас Ганны,

Як лязо па сэрцы,

Разануў па цішыні, «лязом» сваім:

— Сёння тут нам не хапала толькі смерці!

Ён, твой бацька, Ваня,— што? — здурнеў зусім?

 

Ці ж не мог праз дзень, праз два

Адкінуць ногі?

Ці ж не мог хаця бы сёння ён пажыць?

Што ж нам зноў у ЗАГСе абіваць парогі?

Едзем сёння, Ваня, бацька паляжыць!

 

Выкрык Ганны, як пярун у небе ясным,

Быў кашчунствам перуна страшней таго.

Малады ж ля Ганны, з выглядам няшчасным,

Ўсё ніяк не ўцяміць, што тут да чаго.

 

Потым быццам бы прачнуўся нечакана,

Быццам з жудаснага вырваўся ярма,

З болем выціснуў: — Ты звар’яцела, Ганна!

Ці ж не чула ты, што таты больш няма?

 

Ганна ўголас: — Сам ты, Ваня, недарэка!

Мы ж гасцей сабралі, вёску, ўсю радню,

А твой бацька, каб ні дна яму, ні века,

Ўзяў памёр, падклаў такую нам свінню.

 

Каб далей не даць вярзці бязглуздзе Ганне,

З крыкам: — Стой, дачушка, прыкусі язык!

Да дачкі расслупянелая Стэфанія

Падляцела ўтаймаваці крыкам крык.

 

— Супыніся! Стой! Маўчы! Пабойся Бога!

Не пракладвай паміж намі чорны след!

Зневажаць не трэба самага святога —

Адыходу чалавека ў іншы свет.

 

Ты ж падумай, уяві, бяда якая

Для Іванавай сям’і і для ўсіх нас.

А вяселле... а вяселле пачакае,

Спадзяюся, ўсё наладзіцца праз час.

 

Тут Іван азваўся: — Выбачайце, людзі!

Ганна, ты і паважаныя бацькі,

Бо вяселля, Ганна, нашага не будзе

Ні праз месяц, ні праз год, ні праз вякі.

 

*

Вось што значыць дзень адзін для чалавека,

Сем’ям розным даў па-рознаму пад дых.

Для Фядоса зладзіў ён труну і века,

Шлюб разладзіў гэты ж дзень у маладых.

 

«Раскахаў» ён двух ўзаемна закаханых,

У сям’ю закінуў неспадзеў-бяду.

Ад памылкі лёсу засцярог Івана,

Ганну выпхнуўшы на чыстую ваду.

 

Прыйдзе смерць за кожным позна або рана,

Мы яе чакаем ўсё жыццё, лічы,

А яна прыходзіць, часам, нечакана,

Часам так знянацку, проста, хоць крычы.

 

О, яе візіт быў сёння нежаданым,

А калі для нас жаданая яна?

Яна ўстала паміж Ганнай і Іванам —

Вось такая дню вясельнаму цана.

 

Што ж, Іваны, Ганны, Зосі і Фядосы,

Адпаведна і — Стэфанні, Васілі,

Не заўжды ад іх залежаць іх жа лёсы,

Як ад нас усіх і нашы на зямлі.

 

Плюс — мінус

Ёсць плюс і мінус — з фізікай

Дасціпнай на чале,

Яны цікавасць

Будзяць асабліва,

Таму, што вельмі розныя

Паміж сабой, але

Ўзаемапрыцягальныя —

На дзіва.

 

Узаемапрыцягальныя,

Ў адрозненні ад нас,

Хоць розных нас,

Бывае, зводзяць лёсы.

І, зведзеныя лёсамі,

Мы, розныя, праз час

У розныя бакі

Кладзем пракосы.

 

Станоўчых нас,

Адмоўнае не грэе пачуццё,

Як сонейка не грэе

Цемру ночы.

Таму закону фізікі

Сумеснае жыццё

Падчас падпарадкоўвацца не хоча.

 

*

Не думала яна,

Хутчэй за ўсё, не думаў ён,

Да шлюбу ведучы

Сваю дзяўчыну,

Што іх, настолькі розных,

Злучыць фізікі закон,

З’яднае сэрцы іх,

Як плюс і мінус.

 

Ці ёсць хто з закаханых,

Хто ў такі ўрачысты час,

Настолькі верыць будзе ў забабоны,

Што возьме й, не да месца,

Ўспомніць раптам школьны клас

І нейкія там фізікі законы?

 

А ім жа праз складанасць год

Рука ў руцэ ісці,

Хоць розныя яны,

Бадай, занадта.

Ці ж мала выключэнняў ёсць

Шчаслівых у жыцці?

Так, ёсць яны,

І ўсё-ткі не багата.

 

*

У шлюбах, і шчаслівых нат,

Пуд солі едучы,

Ой, не заўжды

Жыццё бывае гладкім.

Адна сям’я ўжывае

Сваёй згоды калачы,

Другая п’е напой

Штодзённай звадкі.

 

Звяглівасці напой

Не выпіваецца за раз,

Бывае, ўсё жыццё

Праз зубы цэдзяць

Ў адной сям’і нязгоды

Перамеляцца праз час,

А ў другой —

Іх меляць, меляць, меляць.

 

І вось яшчэ сям’я

Свайго жыцця узводзіць зруб,

Што будзе жыць у ім —

Нядоля, доля?

Так званы «плюс» і «мінус»

Нарадзілі раптам шлюб —

Антось быў лёд,

Агнём палала Лёля.

 

Што думала яна сабе?

Як рызыкнуць ён мог?

Ёй — дваццаць, дваццаць тры яму —

Не дзеці.

Больш непадобных двух

Знайсці не здолеў нават Бог,

Ды, пэўна, больш няма

Такіх на свеце.

 

Гарэла і гарыць яна

Штодня агнём забаў,

Ха-ха, хі-хі

Да вуснаў прыкіпела

А ён наадварот,

Быў у баку ад тлумных спраў,

Любілі цішыню

Душа і цела.

 

Яна магла з сяброўкамі,

Між іх былі й «сябры»,

Аднекуль шумна

У сям’ю прыскочыць

І да паўночы цешыцца

Ў падхмеленым віры,

Антось ёй патураў

Усе «паўночы».

 

А ён? А ён трывала нёс

Сабой абраны крыж,

Кахаў яе?

Ды пэўна ж, не іначай.

Звычайна так пад венікам

Сябе паводзіць мыш,

Калі па хаце хтось

Падпіты скача.

 

А Лёля? Хто яна з сябе?

Чаму звязала з ім

Свой лёс жаночы

Афіцыйным шлюбам?

Кахала? Не, хутчэй яна

Пускала ў вочы дым,

Пад адным дахам

Жывучы з нялюбым.

 

Ўсе ведалі — «сарока»,

Што язык дзяўчо псуе,

Хаця і прыгажуня,

Як з паштоўкі.

І хлопцы, хоць вачэй сваіх

Не зводзілі з яе,

Далей сябе трымалі

Ад «чартоўкі».

 

І Лёля перастала

Спадзявацца на авось —

Нос вернеце?

Вярніце, калі ласка!

Я пакажу, што лепш за вас

Затурканы Антось,

А вы усе —

Каціцеся каўбаскай.

 

*

Вяселле адчыбучылі,

Няспынна час бяжыць,

На месцы не стаіць

Жыццё сямейнае.

Шапталіся суседзі:

«Не, яны не будуць жыць,

Антось — «бяззубы»,

Лёля — ненадзейная».

 

Як кажуць, не судзімы будзеш,

Іншых не судзі,

Не патрабуй

З чужога лёсу чыншу.

Антось быў ціхі, сціплы,

Хоць да раны прыкладзі,

Нябачны і нячутны

Сярод іншых.

 

Яна з сябе,

Хоць знешне і прывабная, але

Характарам, як кажуць,

Страхалюдзіна.

Ці ж бачыў хто калі,

Каб хрэн і мёд быў на стале

У слоіку адным,

Ў адной пасудзіне?

 

І ўсё-ткі аб’яднала «хрэн» і «мёд»

Адно жытло,

Хаця яна, як бура,

Ён — лагодны.

І дзіва, што між імі

Ані разу не было

Ні лаянкі, ні свары

Аніводнай.

 

А лаянкі сямейныя?

У іх адкуль ім быць?

Антось хоць ціхі,

Ды практычнай жылкі.

Ледзь рот раскрые Лёля,

А Антось зрабіць бяжыць,

Як рыбка залатая,

На пасылках.

 

І Лёля з вуснаў сплюнула

Свае ха-ха, хі-хі,

На мужа пазірае

Іншым вокам.

Даволі, адграшыла!

Ды якія там грахі!

Дурэла, штукавала

Ў тым «далёка».

 

Мінулае ў далёкім тым,

Там лепшае і горшае,

Сучаснае ў душы

Гняздо віе.

Каханне да Антося?

Не, магчыма, большае —

Патрэбным ён зрабіўся для яе.

 

Здзіўляліся суседзі —

Ай ды пара! Ну і ну!

А мы лічылі

Гэты шлюб нікчэмным.

Смяяліся з Антося,

Прызнаем сваю віну,

Над Лёляй кпілі,

Як відаць, дарэмна.

 

*

Жыццё — непрадказальнае,

То ціша, то Садом,

Не ўсё і не ва ўсіх

Бывае гладка.

І у Антося з Лёляй

Надышоў жыцця надлом,

Калі датэрмінова

Адымчаў яе ў раддом,

Ды нежывым

Радзілася дзіцятка.

 

Адразу падалося,

Што жыцця спыніўся рух

І больш ужо

Не запульсуе звыкла,

Што свет памёр, што на ўвесь свет

Адны яны — удвух,

Што сонца згасла,

Што паветра знікла.

 

І сэрцы разрываліся

Ад гора ад свайго,

Якое час

Ніколі не залечыць

Яна уголас плакала,

Прыпаўшы да яго,

Ласкава ён яе

Абняў за плечы.

 

Ён ведаў, што ў яе душы

Стагнаў бяды прыбой,

Як і яго душа

Раўла ад болю.

І ён, як мог падтрымліваў:

— Я, родная, з табой,

Мы разам пройдзем

Праз ліхую долю.

 

Мацуйся! Дачакаемся —

Надыдзе лепшы час,

Не пажыццёва гора

Сэрцы студзе.

І шчасце завітае,

Яшчэ будуць дзеці ў нас,

І не адно дзіця,

А шмат іх будзе.

 

Не перасохне ён,

Жыцця сумеснага выток,

Ўскрыяем мы,

Мы пераможам ліха.

Ты ж ведаеш, як я цябе кахаю,

Мой Люлёк!

— І я цябе! —

Яна сказала ціха.

 

*

У сэрцы раны, боль душы,

Яны да скону дзён,

Як шашаль дрэва,

Рэчаіснасць точаць.

Мінулае, што ў ім было,

Як незабыўны сон,—

Вярэдзіць,

Не сціхае,

Побач крочыць.

 

Хоць гора аддаляецца,

Як хвалі на вадзе,

У памяці гудуць

Падзей завеі.

І хоць нам ад мінулага

Не дзецца анідзе,

У будучым усе нашы надзеі.

 

Мінулае і будучыня —

Палюсоў двух вось,

Часоў двух гістарычных

Далягляды.

І хоць яны сучасныя,

І Лёля, і Антось,

Ды ў будучыню

Погляд кінуць рады.

 

Яны штодзень у працы

Гаспадарліва жылі,

Не спалі й ноччу

Носам у падушку,

А рупіліся спраўна,

І таму прыдбаць змаглі

Сынка спачатку,

А затым дачушку.

 

І хто з іх мінус,

Хто з іх плюс,

Ідзі тут разбяры,

Як хочаш іх заві,

Ім гора мала.

Галоўнае — яны свой шлях

Знайшлі ў жыцці-віры

Не фізіка,

Жыццё іх аб’яднала.

 

Ідзе па вуліцы Антось,

Дачушка на руках,

А побач Лёля —

Ціха крочыць з сынам.

Ўсё ветліва вітаюцца,

Вяскоўцы па баках,

Для роспачы — ніводнае прычыны.

 

Былыя хлопцы-дзецюкі,

І самі ўжо даўно мужы,

Убачыўшы, як Лёля

З мужам крочыць,

Спакусяцца на «каравай»,

Ды каравай ужо чужы,

І думаюць —

Былі дзе нашы вочы?

 



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.