epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паэт

Сядзеў на прызбе побач з бабай дзед,

Смаліў тытунь, штосвет

свой лёс «кулачыў»:

— Адвекаваў... Чаму я не паэт?

Я ж столькі перажыў і перабачыў.

 

І вось адгасцяваў — пара «дамоў»,

Замест узнёслых кніг — адчай і стома,

Бо лёс навыкрасаў на шмат тамоў,

А не пакіну ні радка, ні тома.

 

Адвечны лад — не дзецца нікуды,

Лапцяжны век — быў іншы час і мэты.

Сышлі ў нябыт мае бацькі, дзяды,

Узнёслыя душой, ды не паэты...

 

О-хо-хо-хо... Што ж, вінаваты сам,—

І дзед у неба ўперыўся вачыма,

Нібы хацеў убачыць продкаў там,

Якія штось параілі б, магчыма.

 

А ў небе — ні душы і — цішыня,

У задуменні і зямля сырая.

Спакой пануе на зыходзе дня,

Ды цішыню парушыла старая:

 

— Вушам сваім не веру — смех і грэх!

Які з цябе паэт? Курам забава!

Ужо і памяць, як дзіравы мех,

І словы спатыкаюцца кульгава.

 

Устаў, напэўна, не з тае нагі,

Гаворыш, нібы галаву адпіўшы.

Надумаўся аб чым сушыць мазгі,

Адной нагой у іншы свет ступіўшы.

 

Гарбаціў ад цямна і да цямна,

Здароўе надрываў зімой і летам.

Усё жыццё то плуг, то барана —

Пра што б ты мог пісаць,

каб быў паэтам?

 

Пра гной? Пра ненавісны бруд і пот?

Ці пра вайну — пра баль крывавы звераў?..

Стары акамянеў, раскрыўшы рот,

Цяпер ужо і ён вушам не верыў.

 

— Астынь ты, баба! Кінь ты пот і гной!

Ці ж я і ў маладосці горбіў плечы?

Ці ж не свяціла сонца нада мной

Усё жыццё, ад першых дзён малечых?

 

І прыгажосць вясны жыла ўва мне?

І марыў я, а ты мне гной на вілах...

Ты думаеш, што я малым у сне

He лётаў птахам казачным на крылах?

 

Дзіцячы век — падобны да каня

Крылатага — маланкава-імклівы.

А голад, хоць і грыз дзяцей штодня,

He мог перапсаваць той час шчаслівы.

 

Таму жыццё прыемна распачаць

Ці сонечны усход, ці ранак золкі.

Здавалася, што крылы нас імчаць

Па промнях, ад вясёлкі да вясёлкі...

 

Дзед зацягнуўся, дымам крактануў,

Расцёр акурак, зноў агледзеў неба.

І на старую ціхенька зірнуў —

Ці ёсць у спавядальшчыку патрэба?

 

А ў бабы быццам поўны рот вады.

Натурылася, як дажджом варона.

Распавядальшчык вырашыў тады

Працягваць больш запальна і натхнёна.

 

— Маленства што?.. Калі яно было?

Яно і мне штогод слабей маячыць.

Сцяжынкі тыя часам замяло,

Падзеяў тагачасных не пабачыць.

 

А вось пазней, у сіле маладой,

Ярчэюць фарбы і мацнеюць пахі.

Падзеі наплываюць чарадой

І ажываюць успаміны-гмахі.

 

О, гэта самы яркі успамін,

Хвіліна — на усё жыццё жывая:

Ідзе дзяўчына, у руках язмін,

Ды і сама, як краска веснавая,

 

Як яблынька квяцістая ў маі,

He вусны — ружы, грудзі — два пагоркі

І локаны, нібыта ручаі,

А вочы — ў небе пазайздросцяць зоркі.

 

Ідзе насустрач, хутка праміне,

Зямлю, здаецца, ногі не кранаюць.

І сэрца здрыганулася ў мяне,

Ды і дрыжаць калені пачынаюць.

 

У роце — суш, у горле — нейкі ком,

Апошні шанец, рызыкнуць бы трэба.

І я сваім драўляным языком

Спытаўся у яе: — Няўжо вы з неба?!

 

Я на зямлі такіх не сустракаў,

He бачыў гэткіх чараўніц ні разу!..—

Я змоўк — не дыхаў, лыпаў і чакаў,

Мой лёс залежаў ад яе адказу.

 

Тады хвіліна — вечнасцю цякла,

Я адчуваў, што ўсё ўва мне згарае...

Тут дзед пачуў:

— І хто гэта была?

Спыталася напружана старая —

 

Каму ты ўзбаламуціў галаву?

Каго спыніў сваім «драўляным», шкоднік?

Вярцеў хвастом, а я з табой жыву,

І век свой дажываю, грахаводнік.

 

Што, грэх той сёння па душы скрабе?

Яму шлеш пакаянне наўздагонку?..

— Дык гэта ж я тады сустрэў цябе!

Дзед хмыкнуў і абняў ласкава жонку.

 

— Мяне?! Тады?! — і бабін прэч спакой,

І вочы засвяціліся шчасліва,—

Ты не маніў?.. Ці ж я была такой?

А што было далей? Цікава! Дзіва!

 

Дзед паглыбіўся ў думкі:

— Што далей?..

Мы свой агульны лёс распачыналі,

Начамі пеў над намі салавей,

Зямля пад намі — мы над ёй луналі.

 

І сэрцаў двух агульнае святло,

Агонь кахання, пацалунак першы...

Дзед зноў пачуў:

— Няўжо гэта было?

Ты праўду кажаш ці складаеш вершы?

 

— Складаю вершы? He, я не дарос,

Я чалавек зусім другога звання...

— Як не дарос! Ты ж гэтак нас узнёс,

Мяне, сябе — і нашае каханне!

 

Агеньчыку ў грудзях прастору дай! —

Цяпер і баба мовіла ласкава,—

Вяршуй, кажы далей, распавядай,

Вяртай падзеі даўніны!

Цікава!

 

Дзед моўчкі закурыў чарговы раз:

— А потым новых радасцяў пачатак.

Твая цяжарнасць аб’яднала нас

Яшчэ мацней праз будучых дзіцятак.

 

О як я замілоўваўся тады

Тваёй фігурай, незвычайна годнай.

Ты ў сэрцы засталася назаўжды

І самай блізкай мне, і самай роднай.

 

Ты быццам з абразоў пазней сышла,

Якія на куце вісяць у хаце —

І з нашым дзіцем на руках была,

Нібыта Багародзіца з дзіцяцем.

 

He абміналі й святы родны кут,

Пад нашым дахам —

згода і пяшчота...

Старая не змагла стрымацца й тут:

 

— Яно дык так, але ж была бяднота.

І зноўку дзеці, новы недахоп,

Выпрабаванні, новыя напасці...

Стары з балючай мінай зморшчыў лоб:

— Дык шчасце ж і сярод нястачы — шчасце!

 

Я згодзен — і пад сонцам знойдзеш цень.

Агонь і лашчыць, ён і апякае.

Але ж прыемна ўспомніць светлы дзень,

Чым сажу ночы, дзе усё знікае.

 

Вось ты кранула языком вайну,

Крывавы баль той доўгай чорнай ночы.

Жахліва, ды яе не абміну,

Бо сам з ёй сустракаўся —

вочы ў вочы.

 

Але салдата лёс — хто быў жывы —

Наперад і — ці смерць, ці перамога.

А вы тады? Як выжывалі вы

У пекле — ад старога да малога?

 

Вось пра каго пісаць, складаць вяршы,

Ці, мабыць, вершы — хай мяне паправяць.

Я і пісаў іх фарбамі душы,

І многія радкі яшчэ крывавяць...

 

Прабач жа мне, што адчыніў засоў

І суму напусціў з часоў смяротных.

Я думаю — паэты ўсіх часоў

He толькі балявалі бесклапотна.

 

Што можна скласці ад жыцця ўбаку?

Упэўнены — нічога і ніколі.

І кроў была, і смерць на іх вяку —

Нават булён — і той бурда без солі.

 

З адценняў розных складзены Сусвет,

Хай крые Бог, каб быў ён чорна-белы...

Старая ўстала:

— Глянь! Дык ты ж паэт,

He гледзячы на твой узрост ссівелы!

 

Стары перахрысціўся:

— He дурней!

Камусьці скажаш — пальцамі запораць.

Змікіціўся я, жонка, а даўней

Я чуў, як кветкі між сабой говораць.

 

Я з лесам мог на роўных гаманіць,

Я чуў, як луг пяе без перадыху,

І чуў, як ноччу зорачка звініць —

Адна, другая — і усе паціху.

 

Мне знічка паспявала перадаць,

Што разам з ёй душа яе згарае...

О-хо-хо-хо...— памкнуўся й дзед устаць.

— Як ёсць паэт! —

пацвердзіла старая.

 

*

Назаўтра дзед не ўстаў...

— Я занямог...

Кудысьці збеглі сілы, дыхаць цяжка...

— Ты не дурней! Ці ж нас пакіне Бог?

Падымешся! — сказала баба важка.

 

— Я й кніжку прычакаюся тваю,

Ты будзеш, галубок, вялікай шышкай!

— О не! Не напішу, бо ўжо стаю

Прад Госпадам з сваёю доляй-кніжкай.

 

Рыхтуйся, бабка, не сумуй, не плач,

Мы — ўжо баласт, у новы век — заслона.

З табой мы аджылі — вакол пабач,

Прапусцім моладзь — хай ляціць натхнёна..

 

Ты пахавай мяне не там, дзе цень,

А там, дзе крайчык могілак, на ўзгорку.

Хачу, каб першы сонечны прамень

Мяне наведваў, вёў са мной гаворку.

 

Ды не спяшайся след за мной туды

Я пачакаю — часу там хапае,

Твае ўсё ж маладзейшыя гады,

Хоць смерць бярэ й дзяцей — яна сляпая.

 

— Ты што, радзімы! Не пужай мяне.

Адпіхвай ноч, пакуль душа жывая.

Дасць Бог — і гэта немач абміне,

Ды й хто мяне праводзіць, пахавае?..

 

— Я ж ноч не спаў,— дзед павініўся зноў —

Я ўчора марыў — не пладзіў какецтва.

Навошта я табе у вушы ўвёў

Пра плач душы і пра сваё паэцтва?

 

Забудзься, плюнь і разатры нагой,

Я, й праўда, не паэт — ці ж гэта гора?

— Ты што стары? Ты гутаркай сваёй

Не збэсціш тое, што адкрыў учора.

 

Я веру, ты — паэт, хоць трэсці ў лоб!

Даў Бог тваім мазгам такую клёпку!..

Але стары ужо не чуў... Захроп,

У споведзі-жыцці паставіў кропку.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.