epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Паэт і крытык

(жарт)

 

Паэта крытык закрануў за «зёбры»,

І між радкоў параіў ад душы:

— Як чалавек, ты, безумоўна, добры,

А як паэт... ты лепей не пішы...

 

Раз’юшыўся паэт, як бык у стойле,

Як скарпіён, сябе гатоў забіць.

Дый крытыку рыхтуе помсты колле.

А да мяне з пытаннем: — Што рабіць?

 

Параіў я: — Спыні ты трэск сарочы,

Збярыся з духам, вершаў стос вазьмі,

Да крытыка схадзі і — вочы ў вочы,

І там, дзе падкузьміў ён — разкузьмі

.

Ён ускіпеў: — Пра што ты тут гутарыш?!

Тады я змоўк, а ён далей злаваў:

— Ці ж ластаногі гусь свінні таварыш?

Ці ж кот сабаку сябрам называў?

 

І так ён распаліўся, небарака,

Што, пэўна, не адрозніць ноч ад дня,

І хто тут будзе кот, і хто сабака,

Хто ластаногі гусь, а хто свіння?

 

Не ведаю, дзе той паэт упарты,

Ці творыць, ці працягвае злаваць...

І крытык, і паэзія — не жарты,

Асцерагайся з імі жартаваць.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.